Кіраўніца Нобэлеўскага камітэту патлумачыла, як выбіралі ляўрэатаў прэміі міру

Бэрыт Рэйс-Андэрсэн

Бі-Бі-Сі паразмаўляла са старшынёй Нобэлеўскага камітэту Бэрыт Рэйс-Андэрсэн пра тое, чым быў матываваны сёлетні выбар ляўрэата прэміі міру і ці прысуджэньне сёлетняй прэміі будзе мець рэальны ўплыў.

Паводле Рэйс-Андэрсэн, камітэт выбраў гэтых пераможцаў, каб падкрэсьліць важнасьць грамадзянскай супольнасьці і яе ролю ў любой краіне, асабліва ў супрацьстаяньні аўтарытарнаму кіраваньню.

«Сфэра прэміі міру — гэта не вайна ва Ўкраіне, але, несумненна, вельмі сур’ёзная яе падбіўка», — адзначыла кіраўніца камітэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нобэлеўскую прэмію міру прысудзілі Алесю Бяляцкаму, расейскаму «Мэмарыялу» і ўкраінскаму «Цэнтру грамадзянскіх свабодаў»

На яе думку, вяршэнства закону, правы чалавека і выбарчае права — за абарону якіх трапіў за краты Алесь Бяляцкі — могуць прадухіліць войны і пакласьці ім канец.

Паводле яе, «грамадзянская супольнасьць была раздушаная ў Расеі і Беларусі, а Ўкраіна не была да канца разьвітай дэмакратыяй і ад гэтага пацярпела».

Яна дадала, што ня верыць, што прысуджэньне прэміі дасьць імгненны эфэкт, бо «ў цяперашняй сытуацыі гэта абсалютна нерэальна». Але яна дадала, што гэтае рашэньне было прынятае «ў межах волі Альфрэда Нобэля, крытэраў братэрства паміж народамі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Схіляюся перад мужнасьцю Алеся Бяляцкага». Рэакцыя на прэмію ў сьвеце

На пытаньне, ці ня лепш было б даць гэтую прэмію Зяленскаму або Навальнаму — людзям з больш шырокім міжнародным прызнаньнем — кіраўніца камітэту адказала: «Сусьветнае прызнаньне — гэта ня тое, што мы бяром пад увагу. І мы ніколі не камэнтуем, хто не атрымаў прэміі. Мы лічым, што тыя, хто ўносіць свой уклад у справу міру — гэта ня людзі, якія вядуць вайну. Мы паказваем на тых, хто можа зьмяніць сытуацыю зараз».

«Войны можна вырашаць ня толькі ваенным шляхам. Народныя паўстаньні, супраціўленьне і пратэсты адыгрывалі важную ролю. І мы верым, што нашы пераможцы будуць гэта рабіць і надалей», — падкрэсьліла Бэрыт Рэйс-Андэрсэн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як заходнія і беларускія СМІ падалі навіну пра Нобэлеўскую прэмію Алеся Бяляцкага. Параўноўваем