Стала вядома пра новыя сьмерці змабілізаваных у Расеі, якія яшчэ не даехалі да фронту

Ілюстрацыйнае фота

За апошнія дні ў Расеі памерлі некалькі змабілізаваных мужчын.

Праваахоўныя органы ў Расеі высьвятляюць абставіны сьмерці двух змабілізаваных грамадзян на тэрыторыі пункту фармаваньня асабовага складу ў Новасібірскай вышэйшай ваеннай каманднай вучэльні, паведаміла ўпаўнаважаны па правах чалавека ў рэгіёне Ніна Шалабаева.

Яна адзначыла ў камэнтары парталу NGS, што ідзе сьледзтва, абставіны здарэньня высьвятляюць.

Паводле яе, цела першага загінулага змабілізаванага было знойдзена 4 кастрычніка, другога — у ноч на пятніцу, 7 кастрычніка. Шалабаева адзначыла, што пакуль невядома, натуральная гэта была сьмерць ці не. Дата сьмерці таксама невядомая. Зь якіх рэгіёнаў загінулыя, таксама ўлады не паведамляюць.

Мясцовае выданьне «Сибкрай» удакладняе, што другі змабілізаваны быў новасыбірцам і, паводле сваякоў, загінуў «у выніку гвалтоўных дзеяньняў».

Трэцяга кастрычніка стала вядома аб сьмерці першага змабілізаванага ў Новасібірскай вобласьці. Тады паведамлялі, што ў Новасібірскай вышэйшай вайсковай каманднай вучэльні мужчына памёр у сьне. Празь некалькі дзён «Тайга.инфо» напісала, што ў новасібірскім лягеры для змабілізаваных памёр 35-гадовы добраахвотнік з Брацку Аляксандар Коўтун. Яго маці сказалі, што ён памёр ад сардэчнага прыступу, але, паводле яе, раней праблемаў з сэрцам ня меў.

Трэцяга кастрычніка таксама стала вядома, што ў Еланскім гарнізоне навучальнага цэнтру Міністэрства абароны ў пасёлку Парашына Сьвярдлоўскай вобласьці памерлі трое змабілізаваных. Адзначалася, што адзін памёр ад сардэчнага прыступу, другі ўчыніў самагубства, а трэці памёр па прыбыцьці дадому ад цырозу пячонкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра цану сьлёз салдацкіх маці запытайцеся ў Алексіевіч

Абвешчаная ў Расеі «частковая» мабілізацыя (так яна афіцыйна называецца ва ўказе прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна) праходзіць з шматлікімі парушэньнямі, паведамляюць праваабаронцы. Сярод іх — адсутнасьць мэдычных камісіяўз перад адпраўкай у часткі, мабілізацыя студэнтаў вочных аддзяленьняў і многія іншыя.

Змабілізаваныя і іхныя сваякі таксама скардзяцца, што «грабуць усіх» — тых, хто ніколі не служыў у войску, пасьля апэрацыяў, інсультаў, інфарктаў, інсуліназалежных дыябэтыкаў і нават людзей, якія зь цяжкасьцю перасоўваюцца пасьля траўмаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня ўздумайце прапаноўваць беларускім сілавікам хабар!» Якія праблемы абмяркоўваюць расейцы ў эмігранцкім чаце
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі амбасадар у Менску Грызлоў расказаў, як Беларусь удзельнічае ў вайне Расеі супраць Украіны