Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога»

Аб'яднаны пераходны кабінэт Сьвятланы Ціханоўскай

Кабінэт заявіў, што да яго далучыліся «некалькі актыўных прадстаўнікоў праваахоўных органаў у афіцэрскім званьні».

Як паведамляецца ў афіцыйным тэлеграм-канале Кабінэту, 4 кастрычніка яго прадстаўнікі сабраліся ў Варшаве ў поўным складзе, каб правесьці сэрыю працоўных сустрэч.

Падчас сустрэчы прадстаўнікі заявілі, што плян «Перамога» дапрацаваны, і вырашылі пачынаць рыхтаваць да яго беларусаў.

«На першай сустрэчы быў прапрацаваны блёк абарончай стратэгіі, — гаворыцца ў паведамленьні. — Дапрацаваны плян „Перамога“, вызначана ступень яго гатоўнасьці да актывізацыі. Прынята рашэньне аб пачатку падрыхтоўкі насельніцтва да рэалізацыі пляну».

Таксама Кабінэт заявіў, што да яго далучыліся «некалькі актыўных прадстаўнікоў праваахоўных органаў у афіцэрскім званьні». Хто гэтыя людзі, не ўдакладняецца.

Акрамя гэтага, паводле інфармацыі Кабінэта, дапрацаваны плян адкрыцьця навучальных цэнтраў для ўдзельнікаў мерапрыемстваў па аднаўленьні законнасьці і правапарадку ў Беларусі (харугваў). Кіраваць імі будуць Аляксандар Азараў і Валер Сахашчык. А знаёміць з нацыянальнай культурай і гісторыяй — Алена Коўшык.

Сярод іншага прадстаўнікі абмеркавалі ўсталяваньне афіцыйных адносін з Украінай, плян матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня беларускіх валянтэраў ва Ўкраіне, кандыдатуры на пасаду прадстаўніка Кабінэта па сацыяльных пытаньнях. А таксама ўмацаваньне міжнароднай кааліцыі падтрымкі Беларусі ў пераходны пэрыяд: міжнароднае прызнаньне Кабінэта і атрыманьне фінансавай падтрымкі Беларусі.

Што такое плян «Перамога»

  • Стратэгічная апэрацыя «Перамога» – комплекс захадаў па аднаўленьні канстытуцыйнага ладу і папярэджаньні пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасьці Рэспублікі Беларусь.
  • Гэты плян у жніўні 2021 году распрацавалі колішнія супрацоўнікі беларускіх спэцслужб, якія адмовіліся падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку пасьля фальсыфікацыі вынікаў выбараў і жорсткага разгону акцый пратэсту ў 2020 годзе.
  • Плян прадугледжвае мабілізацыю грамадзян, каб папярэдзіць правакацыі і дапамогу нелегітымнай уладзе Лукашэнкі з боку суседніх дзяржаў і не дапусьціць разьвязаньня ўнутранага канфлікту ў Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт Сьвятланы Ціханоўскай падтрымаў гэты плян і дапрацаваў яго, вызначыўшы ступень яго гатоўнасьці да актывізацыі.

Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:

  • Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
  • Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
  • І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.

Гэтага патрабавалі ад яе многія іншыя апазыцыйныя фігуры.

У складзе Кабінэту, сярод іншых, працуюць:

  • Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
  • Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
  • Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
  • Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася з міністрам унутраных спраў Польшчы, які падтрымаў яе пераходны кабінэт
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Безь Сьвятланы барацьба скончылася б», — інтэрвію з аўтарам першай кнігі пра Ціханоўскую