Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Безь Сьвятланы барацьба скончылася б», — інтэрвію з аўтарам першай кнігі пра Ціханоўскую


Кніга «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska»
Кніга «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska»

2 і 3 кастрычніка ў Кракаве і Беластоку прайшлі прэзэнтацыі кнігі «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska», якую напісаў журналіст буйной польскай газэты Rzeczpospolita Руслан Шошын.

«Lodołamaczka» (Ледаколка) — ня проста біяграфія дэмакратычнай лідэркі Беларусі, а «літаратурная візытоўка краіны», яе лёс у сучаснай і найноўшай гісторыі, адзначыў аўтар у размове са Свабодай.

Сьвятлана Ціханоўская і Руслан Шошын на прэзэнтацыі кнігі «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska» ў Кракаве
Сьвятлана Ціханоўская і Руслан Шошын на прэзэнтацыі кнігі «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska» ў Кракаве

«Сьвятлана — чалавек, на якога пальцам паказала гісторыя і дала ёй вельмі складанае заданьне»

«Для мяне гэта ў нейкім сэнсе пераломны момант і абсалютна важны», — расказвае Руслан Шошын пра выданьне сваёй першай у жыцьці кнігі.

Журналіст падкрэсьлівае, што беларуская тэма для яго не чужая. Хоць палову жыцьця ён правёў у Польшчы, паходзіць ён зь Беларусі.

«А чаму галоўная гераіня менавіта Сьвятлана? Гэта чалавек, на якога пальцам паказала гісторыя і дала вельмі складанае заданьне. Заданьне, зь якім цяжка было б справіцца ня толькі жанчыне. Бо былі палітыкі-мужчыны, якія пасьля розных палітычных прыгодаў адыходзілі, уцякалі, выяжджалі або проста забываліся пра сваю справу на ўсё жыцьцё, — расказвае Руслан Шошын. — Сьвятлана ж, якая ніколі ня мела досьведу публічнай дзейнасьці і ніколі не фігуравала ў мэдыя, ня толькі змагла прайсьці шлях ад простага чалавека да кандыдаткі ў прэзыдэнты, але таксама годна сябе павяла, калі яе прымусілі выехаць за мяжу. Вельмі шмат у яе жыцьці было складаных псыхалягічных эмацыйных паваротаў, але, нягледзячы ні на што, яна ўвесь час падымалася і ішла далей».

Сьвятлана Ціханоўская на прэзэнтацыі кнігі «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska» ў Кракаве
Сьвятлана Ціханоўская на прэзэнтацыі кнігі «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska» ў Кракаве

«Яна не пазбылася людзкога твару, прастаты і такой чалавечай праўдзівасьці»

З асабістых назіраньняў Руслан вылучае «трансфармацыю» Ціханоўскай за апошнія 2 гады і яе «ўнутраную мэтамарфозу».

«Яна стала безумоўна прафэсійным палітыкам і дыпляматам, навучылася кантактаваць, камунікаваць з мэдыя, з кіраўнікамі дзяржаваў. Яшчэ важны момант: у іншых палітыкаў звычайна недзе губляецца чалавечы аспэкт — яны пачынаюць думаць, як правільна сказаць, як правільна сябе паводзіць, як не зрабіць так, як сапраўды лічыш патрэбным. А Сьвятлана Ціханоўская, паміма ўсіх сваіх моцных унутраных пераменаў, не пазбылася людзкога твару, прастаты і такой чалавечай праўдзівасьці, якой многім так бракуе.

Магчыма, дзякуючы гэтаму яе і прымаюць у розных эўрапейскіх сталіцах. Бо сустрэчы зь Ціханоўскай не рутынныя і не пазбаўленыя натуральнасьці і шчырасьці.

У яе выпадку гэта, як кажуць у Польшчы, wyjątek z reguły (вынятак з правіла), бо перад табой стаіць хтосьці большы, чым палітык».

Вобраз Беларусі ў кнізе

Руслан Шошын кажа, што ў сваёй кнізе ён хацеў таксама паказаць польскаму чытачу, што такое Беларусь.

«У Польшчы пра Беларусь даўно ня пішуць асаблівага нічога, акрамя агідных навінаў, якія надыходзяць ад дыктатуры — пра саўдзел у вайне, пра атамную бомбу і г.д., карацей, адна чарната і безнадзейнасьць, — апавядае Руслан. — Таму я ў сваёй кнізе хацеў і паказаць лёс краіны з пачатку незалежнасьці, развалу Савецкага Саюзу аж да падзеяў 2020-га. Апісаць, як усё адбылося, таму так, а не інакш, адкуль зьявілася Ціханоўская, як яна бачыла Беларусь вачамі маленькай дзяўчынкі зь Мікашэвічаў. І пазьней — як выглядала яе юнацтва, хто такі Ціханоўскі, чаму гэтая сям’я зьявілася ў палітыцы, якія мела праблемы... Усё гэта і аповеды іншых людзей я сабраў у адзін рэпартаж, адну аповесьць».

«Не існуе беларускага народу без беларускай мовы. Сьвятлана гэта цудоўна разумее»

Руслан Шошын падкрэсьлівае: "Ледаколка«— гэта не хвалебная ода Сьвятлане, не біяграфія, замоўленая на PR-аўскія патрэбы. Гэта выключна рэпартэрская праца, за якую ён цалкам нясе адказнасьць.

«У кнізе — і збор галасоў шматлікіх сьведкаў падзеяў і трансфармацыі Сьвятланы Ціханоўскай. Атрымаўся гатовы сцэнар мастацкага фільму, які мог бы чалавеку даступна ўсё растлумачыць у спрошчанай форме. Такая літаратурная візытоўка Беларусі, калі казаць пра сучасную і навейшую гісторыю, — тлумачыць аўтар. — Таксама трэба ўлічваць высокі ўзровень выдавецтва: яно адно з самых аўтарытэтных у Польшчы, дзе публікаваліся кнігі нобэлеўскіх ляўрэатаў, напрыклад Ольгі Такарчук. І тое, што такое выдавецтва зацікавілася гэтай тэмай, вельмі прыемна».

Сьвятлана Ціханоўская, побач зь ёй (зьлева) журналістка Зюзанна Донбровска, (справа) палітык Павал Коваль і журналіст Руслан Шошын
Сьвятлана Ціханоўская, побач зь ёй (зьлева) журналістка Зюзанна Донбровска, (справа) палітык Павал Коваль і журналіст Руслан Шошын

Руслан кажа, што ягоная кніга прыцягнула ўвагу шматлікіх польскіх мэдыя — ад прыватных да дзяржаўных.

«Нават газэты — канкурэнты той, дзе я працую, публікуюць фрагмэнты маёй кнігі. Маю некалькі запрашэньняў на вельмі прэстыжныя праграмы. Бачу, што гэтая тэма ў Польшчы ажыла».

2 і 3 кастрычніка адбыліся прэзэнтацыі кнігі ў Кракаве і Беластоку. На абедзьвюх была і сама дэмакратычная лідэрка Беларусі.

Руслан заўважае, што яна вяла ўсе дыскусіі па-беларуску.

«Гэта вельмі-вельмі годная пастава, — адзначае суразмоўца. — Калі некаторых словаў яна ня ведала — пытала, і аўдыторыя ёй падказвала. Складана ўявіць у счасаным сьвеце, каб палітык такога ўзроўню не саромеўся і прасіў дапамагчы людзей побач. Мы размаўлялі і пра тое, што мова — гэта падмурак кожнай нацыянальнасьці і кожнага народу. Не існуе беларускага народу безь беларускай мовы. І Сьвятлана гэта цудоўна разумее»

На прэзэнтацыі кнігі «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska» ў Кракаве
На прэзэнтацыі кнігі «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska» ў Кракаве

Апавядаючы аб прэзэнтацыях, Руслан падкрэсьлівае, што прысутныя былі радыя бачыць галоўную гераіню ў залі.

«Беларусы прыйшлі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Паўсюль шчырыя твары людзей, усьмешкі. Я бачыў, як людзі падыходзілі да Сьвятланы, калі мы падпісвалі кнігі. Яны былі шчасьлівыя ад яе прысутнасьці, ад таго, што маглі сказаць ёй пару сказаў ці проста падзякаваць. Я бачыў, што гэта ня штучна, гэтага ня купіш за грошы. Для мяне гэта было цікавым сыгналам: значыць, чалавек і падзеі ў маёй кнізе вартыя апісаньня».

«Тое, што напісана ў кнізе, у бальшыні сваёй не было нідзе апублікавана»

На гэты момант кніга выйшла толькі па-польску. Аднак выдавецтва не выключае, што будуць іншамоўныя выданьні таксама, адзначае Руслан.

«Мне б, вядома, хацелася, каб яна зьявілася і па-беларуску, бо гэта нова ня толькі для палякаў, немцаў ці брытанцаў, але і для беларусаў. Тое, што там напісана, у бальшыні сваёй не было нідзе апублікавана», — кажа журналіст.

На прэзэнтацыі кнігі «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska» ў Кракаве
На прэзэнтацыі кнігі «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska» ў Кракаве

На пытаньне, чаму менавіта гэты вядомы фатаздымкак, зроблены падчас выбарчай кампаніі Ціханоўскай, быў выбраны для вокладкі, Руслан кажа:

«Выдавецтва ў мяне спытала, ці маю думкі наконт таго, як праілюстраваць кнігу, і я прыгадаў, а дакладней, у мяне проста стаяў перад вачыма фатаздымак, дзе яна з паднятай уверх рукой і сьціснутым кулаком. Гэта такі сымбаль унутранай нязломнасьці. Выдавецтва адшукала аўтараў (студыя Kanaplev+Leydik. — РС). Так і вырашылі. Лепшага фота на вокладку ніхто ня мог прыдумаць. Як і назву. Няма ж у нашых мовах слова „ледаколка“, ёсьць толькі „ледакол“ — цьвёрда, па-мужчынску. Я спачатку ня ведаў, як падаць ролю Ціханоўскай, і ў мяне ў галаве зьявілася гэтае слова, менавіта жаночае. Бо жаночы твар рэвалюцыі, гэтае трыё... Такая назва пасуе і таму, што Сьвятлана на сваім шляху годна вырашала ўсе складанасьці і стала тварам Беларусі і надзеяй для многіх»

«Яна заўсёды перажывае за чужое жыцьцё»

Выданьне першай біяграфіі Ціханоўскай — падзея ня толькі для аўтара, але і для самой Сьвятланы. Тым ня менш Руслан адзначае, што палітык, як звычайна, «адсунула» сябе на другі плян.

«Вядома, Сьвятлана падзякавала, сказала, што ёй вельмі прыемна, што зьявілася такая кніга. Але потым прадказальна адзначыла: „Але ж Вы, Руслан, разумееце, што гэта кніга пра ўсіх беларусаў, а не пра мяне. Героямі гэтых падзеяў і гэтай барацьбы, якая працягваецца, зьяўляюцца беларусы“. Яна заўсёды адсоўвае сябе на другі плян. Яна прыняла на сябе адказнасьць, якая ёсьць вялікім цяжарам, і жыве ня толькі для сябе, але і для сотняў тысячаў, а мо і мільёнаў людзей, якія вераць, што гэта ўсё было не дарма».

Сьвятлана Ціханоўская і Руслан Шошын на прэзэнтацыі кнігі «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska» ў Кракаве
Сьвятлана Ціханоўская і Руслан Шошын на прэзэнтацыі кнігі «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska» ў Кракаве

Руслан падкрэсьлівае, што Ціханоўская адыгрывае незаменную ролю ў гісторыі Беларусі.

«Давайце ўявім, што заўтра Сьвятлана Ціханоўская скажа: „Слухайце, я стамілася, мне вельмі складана, я адыходжу ўбок і заканчваю на гэтым этапе маю палітычную працу“. І што далей будзе? Колькі тэма Беларусі працягне жыць у Эўропе? Магу падказаць, што яна ня толькі зьнікне зь міжнароднай тэматыкі ў дэмакратычным сьвеце, а нават наступствы складана будзе сабе ўявіць, — лічыць Руслан Шошын. — Калі няма альтэрнатывы дыктатуры, няма таго, хто мае маральную легітымацыю пераймаць уладу ў Беларусі ў надзвычайнай сытуацыі на пераходны пэрыяд, калі ня будзе такой асобы, як Сьвятлана, то ў выніку застанецца толькі Лукашэнка. І што тады будзе з Расеяй? Як яна будзе сябе паводзіць у дачыненьні да Беларусі, ведаючы, што ўсё трымаецца на адным чалавеку? Тады будзе прасьцей праглынуць Беларусь, інкарпараваць, у нейкіх непрадбачаных абставінах цалкам яе анэксаваць, прызываючы сваіх людзей альбо падключаючы сваіх агентаў уплыву ўнутры. Таму на Сьвятлане спачывае цяжар вялікай адказнасьці. Ня маю сумневу, што калі б яна адышла, то можа сапраўды барацьба б скончылася і на гэтым этапе будучыні проста не было б відаць. Ніякай будучыні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG