Беларускага добраахвотніка, які загінуў пад Бахмутам, пахавалі ў Чаркаскай вобласьці
Грамадзяніна Беларусі Аляксея Вешчавайлава, які загінуў 26 верасьня ў баях пад Бахмутам у Данецкай вобласьці, пахавалі ў Чаркаскай вобласьці.
Як паведамілі ў Тальноўскай гарадзкой тэрытарыяльнай грамадзе, пахаваньне адбылося ў нядзелю, 2 кастрычніка.
«Шчырае спачуваньне родным і блізкім воіна, які заплаціў жыцьцём за мір і спакой на свабоднай украінскай зямлі. Няхай апека Ўсявышняга аблегчыць горыч страты сына, бацькі, брата, сябра. Сьветлая памяць пра Героя заўсёды будзе жыць сярод нас», — адзначыў у сваім разьвітальным слове мэр горада Васіль Сідзько.
Грамадзяніна Беларусі Аляксея Вешчавайлава, які загінуў 26 верасьня ў баях пад Бахмутам у Данецкай вобласьці, пахавалі ў Чаркаскай вобласьці
У паведамленьні адзначаецца, што Аляксей Вешчавайлаў папрасіў сваіх пабрацімаў, каб у выпадку гібелі яго пахавалі менавіта на Тальноўшчыне ў Чаркаскай вобласьці.
Грамадзкія актывісты Ўкраіны заклікалі прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага пасьмяротна прысвоіць грамадзяніну Беларусі Аляксею Вешчавайлаву, які загінуў 26 верасьня ў баях пад Бахмутам у Данецкай вобласьці, грамадзянства Ўкраіны.
Аляксей Вешчавайлаў
Аляксей стаў трынаццатым грамадзянінам Беларусі, які загінуў на вайне ва Ўкраіне. З 2016 году Аляксей ваяваў у 72-й асобнай мэханізаванай брыгадзе імя Чорных Запарожцаў. У 2019 годзе Аляксей вырашыў паехаць у адпачынак да сваякоў у Беларусь. На мяжы яго арыштавалі, абвінавацілі ў наёмніцтве і засудзілі на два з паловай гады зьняволеньня.
Аляксей Вешчавайлаў выйшаў на волю ў верасьні 2021 году і вярнуўся ва Ўкраіну, дзе яго чакала каханая. Пайшоў абараняць Украіну ў складзе Інтэрнацыянальнага легіёну і загінуў 26 верасьня пад Бахмутам пад мінамётным абстрэлам.