«Кожны дзень як мінімум двойчы — раніцай і ўвечары — я атрымліваю справаздачы вайскоўцаў. На гэтым тыдні ў справаздачах найбольшую частку займае пералік вызваленых ад ворага населеных пунктаў у рамках нашай абароннай апэрацыі. Найбольш мэдыйнай стала гісторыя вызваленьня Ліману Данецкай вобласьці, але посьпехі нашых ваяроў не абмяжоўваюцца толькі Ліманам. Гэта, ведаеце, такая тэндэнцыя», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце.
Украінцы працягваюць наступальную апэрацыю на Херсоншчыне і Данеччыне
Уладзімір Зяленскі паведаміў, што ўкраінскія войскі вызвалілі два паселішчы ў Херсонскай вобласьці — Архангельскае і Міралюбаўка.
Кіраўнік Луганскай вайсковай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай раніцай 3 кастрычніка паведаміў, што ад расейскіх войскаў вызвалена вёска Торскае Данецкай вобласьці. «Гэта ўжо афіцыйна», — заявіў Сяргей Гайдай у эфіры ўкраінскага тэлеканалу «Еспресо».
Паводле вайскоўцаў, вызваленьне гэтага населенага пункту мае стратэгічнае значэньне для далейшага наступу, найперш размова пра горад Сватава ў Луганскай вобласьці, а адтуль адкрываецца шлях на Севераданецк і Лісічанск.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларусь трымае каля мяжы з Украінай да сямі батальённых тактычных груп, заяўляе Камандуючы аб’яднанымі сіламі УСУАдыход расейскіх войскаў падрывае мабілізацыю
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) зьвярнулі ўвагу на тое, што прапагандысцкія інфармацыйныя рэсурсы пачалі крытыкаваць вайсковае камандаваньне, якое дапусьціла адыход зь Ліману ў Данецкай вобласьці і з Харкаўшчыны.
«Крамлёўскія прапагандысты ўжо не хаваюць свайго расчараваньня ў правядзеньні частковай мабілізацыі, часта абмяркоўваючы незаконную мабілізацыю некаторых мужчын і адзначаючы такія праблемы, як алькагалізм сярод новамабілізаваных. Некаторыя выступоўцы на тэлевізіі выказвалі занепакоенасьць тым, што мабілізацыя не прывядзе да стварэньня сіл, неабходных для аднаўленьня ініцыятывы на полі бою, улічваючы дрэнную якасьць расейскіх рэзэрваў», — адзначаецца ў справаздачы Інстытута.
Паводле экспэртаў ISW, расейская параза каля Ліману спарадзіла яшчэ большую блытаніну і нэгатыўныя рэпартажы, чым адыход расейцаў з Кіева, Зьмяінага вострава ці нават Харкаўшчыны.
«Уплыў Лімана, пэўна, большы, таму што цяпер расейцы баяцца быць мабілізаванымі для вырашэньня праблем на полі бою», — мяркуюць экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны.
У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што незвычайна хуткае прызнаньне расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным праблем пры мабілізацыі падкрэсьлівае яе нефункцыянальнасьць.
«Мясцовым чыноўнікам, магчыма, незразумелыя дакладныя маштабы і прававое абгрунтаваньне кампаніі. Амаль напэўна яны набіралі кадры, якія знаходзяцца па-за дэфініцыямі, заяўленымі Пуціным і Міністэрствам абароны. У той час як прызваныя рэзэрвісты працягваюць зьбірацца ў намётавых пераходных лягерах, расейскія чыноўнікі, імаверна, зь цяжкасьцю забясьпечваюць навучаньне і знаходзяць афіцэраў для кіраўніцтва новымі падразьдзяленьнямі», — мяркуюць у выведцы Вялікай Брытаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Вырасла колькасьць беларусаў, якія ў вайне спачуваюць Расеі, — новае дасьледаваньнеІнтэнсіўнасьць расейскіх абстрэлаў ня зьменшылася
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што за апошнія суткі расейскія войскі з артылерыі і авіяцыі абстралялі больш за 35 населеных пунктаў у Данецкай, Луганскай, Херсонскай, Днепрапятроўскай, Мікалаеўскай і Запароскай абласьцей.
Расейцы, як сьцьвярджаюць ва ўкраінскім Генштабе, канцэнтруюць свае абстрэлы на цывільных аб’ектах, найперш на жылых будынках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Вэтэран батальёну «Айдар» беларусам: «Калі мы разаб’ем акупантаў ва Ўкраіне, у вас зьявіцца шанец, а мы дапаможам»Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.