За дзень заяжджаюць 11 тысяч расейцаў. Грузінская апазыцыя патрабуе закрыць мяжу з Расеяй або ўвесьці візы

На расейска-грузінскай мяжы.

Грузінская апазыцыя патрабуе ад уладаў на час закрыць межы з Расеяй або ўвесьці для грамадзян РФ візавы рэжым.

Частка грузінскай апазыцыі і НДА баяцца, што прысутнасьць такой колькасьці расейцаў у краіне можа пагражаць яе бясьпецы. Гучаць і асьцярогі, што інфраструктура грузінскіх гарадоў можа проста ня вытрымаць такога наплыву людзей.

Масавы прыезд расейцаў у Грузію на фоне абвешчанай у Расеі «частковай мабілізацыі» пакуль адбіўся толькі на цэнах жыльля. Арэндная плата расьце. Калі яшчэ месяц таму ў Тбілісі можна было зьняць стандартную двухпакаёвую кватэру, няхай ня ў цэнтры, але каля мэтро, прыкладна за $500-600, то цяпер цана вырасла да $800-1000, а то і больш. Спэцыялісты гэты рост называюць спэкуляцыйным, гэта значыць уладальнікі кватэраў спрабуюць, скарыстаўшы сытуацыю, здаць кватэры даражэй, хоць дэфіцыту на рынку арэнды няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці разгоняць уцекачы-расейцы інфляцыю ў Беларусі? Разьбіраемся

Дарэчы, такі ж скачок цэнаў быў у лютым-сакавіку, калі ў Грузію масава паехалі расейцы, якія выступаюць супраць вайны з Украінай. Але ўжо ў пачатку лета цэны на доўгатэрміновую арэнду пачалі падаць. У Грузіі тых расейцаў называюць «першай хваляй», а цяперашніх «другой хваляй». Расейскія мігранты называюць сябе адпаведна «февралята» і «сентябрята».

Гатэльныя цэны застаюцца на ранейшым узроўні. Кіраўнік Асацыяцыі гатэляў і рэстаранаў Грузіі Шалва Алавэрдашвілі заяўляе, што гатэлі не сутыкаюцца зь вялікім попытам. Паводле яго, гэта можа быць зьвязана з двума фактарамі: частка расейцаў, якія ўяжджаюць, выкарыстоўваюць Грузію як транзытную тэрыторыю і неўзабаве пакідаюць, яшчэ частка — гэта этнічныя грузіны з расейскімі пашпартамі, што, ратуючыся ад мабілізацыі, едуць да сваякоў. Прынамсі, паводле ацэнкі спэцыяліста, попыт на гатэлі ўва ўсёй Грузіі застаецца прыкладна на тым жа ўзроўні, што і ў іншыя восеньскія сэзоны дапандэмійнага пэрыяду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Я бачу гэтыя спустошаныя твары». Як Грузія, Казахстан і Кіргізстан прымаюць расейскіх уцекачоў ад мабілізацыі

Што да цэнаў у рэстаранах і крамах, то на іх прыезд расейцаў таксама пакуль не адбіўся. Дэфіцыту прадуктаў няма.

Сярод тых, хто сапраўды адчуў на сабе рост расейскай прысутнасьці, — уладальнікі аўтамабіляў. У грузінскіх гарадах зьявілася больш машын з расейскімі нумарамі, стаяньне ў заторах займае больш часу, чым звычайна. Хаця некаторыя гэта зьвязваюць яшчэ з навучальным годам, які пачаўся 20 верасьня.

Яшчэ ў грузінскіх гарадах, у Тбілісі дакладна, вырасла плата за таксі. У гадзіны пік свабодных машын практычна няма.

МУС Грузіі апублікавала статыстыку колькасьці расейцаў, якія ўехалі ў краіну з 17 па 27 верасьня. З 78 742 прыбылых 62 120 чалавек ужо пакінулі краіну. Цяпер за дзень у Грузію заяжджаюць каля 11 тысяч расейцаў. Яшчэ некалькі дзён таму гэтая лічба вагалася ад 5,5 да 7 тысяч.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.