Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці разгоняць уцекачы-расейцы інфляцыю ў Беларусі? Разьбіраемся

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Інфляцыя ў Беларусі трымаецца на ўзроўні 17,9% гадавых. Глядзім, на якія цэны можа паўплываць мабілізацыя ў Расеі.

17,9% гадавых — такую інфляцыю зафіксавалі ў Беларусі ў жніўні, на такі адсотак у сярэднім за год вырасьлі цэны. Пры гэтым некаторыя прадукты падаражэлі больш. Напрыклад, капуста за год падаражэла на 50%, рыба — на 36%. У Менску і іншых гарадах цяпер наплыў расейцаў, якія ўцякаюць ад мабілізацыі.​

«Можа вырасьці арэнда»

Кацярына Барнукова
Кацярына Барнукова

Паводле акадэмічнай дырэктаркі Beroc Кацярыны Барнуковай, прыезд расейцаў пэўна можа паўплываць на цэны на арэнду.

«Пакуль не зразумела, на колькі яны прыехалі і колькі іх прыехала. Магчыма, праз тыдзень яны вырашаць вярнуцца дадому. Тым больш, што Беларусь для іх не падаецца бясьпечнай, іх цалкам могуць выціснуць у Расею. Ужо ёсьць уплыў на цэны на кароткатэрміновую арэнду. Верагодна, гэта можа ажывіць і рынак доўгатэрміновай арэнды, бо гэты рынак быў у заняпадзе», — кажа Кацярына Барнукова.

На доўгатэрміновую арэнду цэны могуць вырасьці, калі расейцы застануцца надоўга, то бок пачнуць наймаць кватэры не па сутках, а на месяц і болей.

Што тычыцца іншых цэнаў, пакуль няясна, як гэта на іх адаб’ецца.

«Шопінг выходнага дня з Расеі можа больш паўплываць на цэны, чым тыя, хто ўцякае ад мабілізацыі. Ня думаю, што іх у Беларусі больш за некалькі дзясяткаў тысяч. Пакуль не падобна, што гэта моцна адаб’ецца на іншых цэнах», — кажа Кацярына Барнукова.

Як людзі рэагуюць на рост цэнаў

Чытачы Свабоды расказваюць, што цэны ўнутры Беларусі растуць, але пакуль ня зьвязваюць гэта з мабілізацыяй у Расеі.

«З пачатку верасьня ляжала ў шпіталі, а ўчора вярнулася дахаты, і мяне вельмі ўразіў першы паход у краму. Тое, што прадукты харчаваньня і сродкі гігіены сталі каштаваць болей, ужо ня ўражвае — амаль што звыкліся з новай рэчаіснасьцю. А вось тое, што пачак сродкаў кантрацэпцыі стаў каштаваць у 2,5 раза больш — гэта тое, на што падае зрок, пакуль стаіш на касе, — гэта, вядома, вельмі ўразіла», — расказала чытачка Свабоды.

Заўважылі чытачы і павышэньне цэнаў на іншыя тавары:

«Напрыклад, сярод першага, што прыходзіць на думку: шампунь Schauma — вялікая бутэлька раней каштавала менш за 5 рублёў, а цяпер больш за 20. Мыла Dove — вялікі кавалак каштаваў менш за 3 рублі, а цяпер больш за 5. Тампоны OB раней каштавалі 6–8 рублёў, а цяпер 10–12 рублёў. Сыр — не які-небудзь камамбэр, а звычайны, айчынны, раней каштаваў 12–14 рублёў, зь якімі мы амаль звыкліся, а цяпер найтаньнейшы каштуе амаль 19 рублёў», — дадаюць чытачы.

Што на рынку нерухомасьці

Пакуль рыэлтары, зь якімі кантактавала Свабода, ня могуць сказаць, што наплыў расейцаў моцна адбіўся на рынку нерухомасьці. Спэцыялісты кажуць, што яны набывалі кватэры і раней, але агулам на рынак гэта ня надта паўплывала.

Напрыклад, апартамэнты ў самым цэнтры Менску з джакузі і камінам у стылі лофт каштуюць 60 даляраў за суткі.

Трохпакаёвыя апартамэнты з саўнай у самым цэнтры Менску, на вуліцы Кірава, каштуюць 70 даляраў на суткі.

Кватэра далей ад цэнтру, на Аўтазаводзкай, каштуе 40 даляраў на суткі.

XS
SM
MD
LG