Пяць расейцаў праз мабілізацыю зьнялі зь цягніка на мяжы зь Беларусьсю

Ілюстрацыйнае фота

Расейцы ехалі з Санкт-Пецярбургу на цягніку ў Беларусь, аднак з краіны іх ня выпусьцілі. Мужчынам выдалі апавяшчэньне пра забарону на выезд і сказалі зьвярнуцца па тлумачэньні ў ваенкамат.

Пра гэта «Медыязоне» расказаў адзін зь пяці грамадзян Расеі, якім памежнікі забаранілі выезд з краіны.

«Зь цягніка вывелі чатырох мужчын, памежнікі ведалі прозьвішчы і месцы кожнага. Адзін маёр, два старшыя лейтэнанты і чалавекі чатыры радавыя ў масках», — расказаў выданьню 30-гадовы мужчына.

Ён дадаў, што 8 гадоў таму скончыў вайсковую катэдру, мае званьне лейтэнанта запасу, але ў войску не служыў. Мужчына таксама адзначыў, што зьбіраўся спачатку даехаць да Менску, а адтуль накіравацца ў Стамбул.

Па словах суразмоўцы выданьня, яго высадзілі на чыгуначнай станцыі Невель-2, апошняй перад мяжой зь Беларусьсю.

Сярод тых, каму забаранілі выезд з Расеі, быў і 20-гадовы студэнт.

Мужчынам выдалі апавяшчэньні, што выезд забаронены на падставе закону аб мабілізацыі. У дакумэнце гаворыцца, што па тлумачэньні трэба зьвярнуцца ў ваенкамат па месцы пастаноўкі на ўлік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«У іх няма нават матрацаў, сьпяць на падлозе, рэчы крадуць!». Як расейцы памежных зь Беларусьсю рэгіёнаў сустрэлі мабілізацыю

Раніцай 21 верасьня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў пра «частковую» мабілізацыю на вайну з Украінай.

Пуцін заявіў, што прызываць на вайсковую службу будуць грамадзян, якія знаходзяцца ў запасе. Перш за ўсё гаворка пра тых, хто служыў і мае пэўныя вайскова-ўліковыя спэцыяльнасьці і досьвед. Міністар абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што ў Расеі «велізарны мабілізацыйны рэсурс», і адзначыў, што «ў ходзе частковай мабілізацыі будуць прызваныя 300 тысяч рэзэрвістаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

З Расеі не выпускаюць людзей, якія падлягаюць мабілізацыі, — The Bell