Паводле брытанскіх выведнікаў, гэта зьвязана з тым, што Расея перакінула ва Ўкраіну большасьць батальёнаў, вайскоўцы якіх выконвалі функцыі інструктараў для навабранцаў.
«Адсутнасьць вайсковых інструктараў і пасьпешлівасьць, зь якой Расея пачала мабілізацыю, сьведчыць пра тое, што многія прызваныя войскі будуць разгорнутыя на лініі фронту зь мінімальнай адпаведнай падрыхтоўкай. Яны, хутчэй за ўсё, будуць мець вялікія страты», — адзначылі ў выведцы Вялікай Брытаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Мабілізацыя, подкуп, халады. Як Пуцін хоча перамагчы Ўкраіну і ЭЗЭкспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што ў Расеі бюракратычная сыстэма ня зможа эфэктыўна правесьці мабілізацыю ў войска.
«Пераход на прыярытэт фармаваньня прафэсійных сіл і адмова ад прыярытэту тэрміновай службы, імаверна, прывялі да размываньня бюракратычных структур, неабходных для мабілізацыі. Мабілізацыя — гэта заўсёды бюракратычна складаная справа, якая патрабуе ад мясцовых чыноўнікаў па ўсёй краіне добрага выкананьня заданьня. [...] Падтрыманьне бюракратычнай інфраструктуры, неабходнай для правядзеньня маштабнага прызыву ў запас, патрабуе значнай увагі з боку вышэйшага кіраўніцтва. Такой увагі, пэўна, не было ў Расеі за апошнія 15 гадоў», — адзначылі экспэрты ISW.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Іркуцкай вобласьці Расеі стралялі ў начальніка прызыўной камісіі. ВІДЭАПаводле іх, Пуцін летась ужо правёў як мінімум чатыры спробы мабілізацыі, вычарпаўшы запас баяздольных (і ахвочых ваяваць) рэзэрвістаў напярэдадні «частковай мабілізацыі».Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін 21 верасьня выпусьціў указ аб частковай мабілізацыі ў Расеі на поўнамаштабную вайну, якую Расея пачала 24 лютага 2022 году і назвала гэта «спэцапэрацыяй».
«Мабілізацыйныя мерапрыемствы пачнуцца ўжо сёньня. Даручаю кіраўнікам рэгіёнаў аказаць усё неабходнае садзейнічаньне кіраўнікам камісарыятаў», — заявіў Пуцін.
Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу паведаміў, што мабілізаваць плянуюць 300 тысяч расейскіх грамадзян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Вашых дзяцей нават не хаваюць». Зяленскі зьвярнуўся да грамадзян Расеі наконт мабілізацыіВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.