Інстытут вывучэньня вайны: Крэмль адкрыта не выконвае абяцаных умоў «частковай мабілізацыі»

Мабілізацыя ў Бураціі, 22 верасьня 2022

Крэмль адкрыта не выконвае абяцаных умоў «частковай мабілізацыі», а жорсткі падыход выклікае грамадзкі гнеў і недавер па ўсёй Расеі, піша ў сваёй штодзённай справаздачы амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW).

«Расейскія афіцыйныя асобы раней сьцьвярджалі, што частковая мабілізацыя закране толькі 300 тысяч мужчын і толькі тых, хто мае папярэдні вайсковы досьвед. 22 верасьня прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што практыка ўручэньня позваў затрыманым мітынгоўцам не супярэчыць закону аб мабілізацыі ад 21 верасьня. Пагроза Пяскова супярэчыць заявам Крамля аб тым, што ён устрымаецца ад мабілізацыі асобаў па-за складзенымі сьпісамі рэзэрвістаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Як заявілі ў ISW, жорсткі падыход Крамля да «частковай мабілізацыі», хутчэй за ўсё, узмоцніць абурэньне ўнутры краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пад марш «Разьвітаньне славянкі»: Як у Расеі мабілізаваныя едуць на вайну з Украінай. ВІДЭА

У справаздачы згадваецца уручэньне позваў студэнтам, якіх абяцалі не мабілізаваць, а таксама працаўніку IT-кампаніі без папярэдняга вайсковага досьведу.

«Жорсткі падыход Крамля да мабілізацыі выклікае грамадзкі гнеў і недавер па ўсёй Расеі. Незалежнае расейскае праваабарончае выданьне „ОВД-Инфо“ паведаміла, што акцыі пратэсту прайшлі ў 42 гарадах краіны, у тым ліку пратэсты прайшлі нават у маленькіх сёлах Рэспублікі Дагестан. У Ніжнім Ноўгарадзе, Санкт-Пецярбургу, Тальяці і Забайкальскім краі невядомыя падпалілі некалькі ваенкаматаў і будынкаў мясцовых адміністрацый», — гаворыцца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На пратэстах супраць мабілізацыі ў Расеі на вайну з Украінай затрымалі 1300 чалавек, некаторым давалі позвы ў ваенкамат. ФОТА

Дасьледнікі адзначылі, што, хутчэй за ўсё, у бліжэйшыя дні Крэмль задушыць такія пратэсты, аднак аб’ява аб частковай мабілізацыі і «адкрытае ігнараваньне» прадугледжаных парамэтраў мабілізацыі можа адштурхнуць занепакоеныя пласты расейскай грамадзкасьці, якія раней былі больш памяркоўныя да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

За кума Пуціна вызвалілі 200 украінскіх салдатаў. Дэталі найбольшага абмену палоннымі між Расеяй і Ўкраінай. ФОТА і ВІДЭА

Акрамя таго, у ISW падкрэсьлілі, што, падобна, Крэмль спрабаваў прыменшыць значэньне абмену палоннымі з Украінай, «вельмі непапулярнага сярод расейскіх нацыяналістаў і ваенных блогераў», зрабіўшы абмен у той жа дзень, калі прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін абвясьціў аб «частковай мабілізацыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея і Ўкраіна абмяняліся палоннымі. Сярод вызваленых — абаронцы «Азоўсталі»

21 верасьня прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін абвясьціў правядзеньне ў краіне «частковай мабілізацыі» і падпісаў адпаведны ўказ.

Міністар абароны Сяргей Шайгу заяўляў, што ў рамках «долевай мабілізацыі» плянуецца прызваць 300 тысяч чалавек, аднак «Новая газета. Европа» са спасылкай на крыніцу ў адміністрацыі прэзыдэнта паведаміла, што насамрэч засакрэчаны пункт прэзыдэнцкага ўказу дазваляе прызваць каля мільёна чалавек. У Крамлі гэта адмаўлялі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Вашых дзяцей нават не хаваюць». Зяленскі зьвярнуўся да грамадзян Расеі наконт мабілізацыі