Між Украінай і Расеяй адбыўся найбольшы абмен палоннымі з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю. Расея вызваліла 215 украінцаў і 10 вайскоўцаў Інтэрнацыянальнага легіёну, а Ўкраіна — 55 расейцаў і калябарантаў, а таксама арыштаванага праз падазрэньне ў дзяржаўнай здрадзе Віктара Медзьведчука, лідэра ўжо забароненай ва Ўкраіне партыі «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“» і кума расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.
Свабода сабрала падрабязнасьці гэтага абмену.
Пра абмен дамаўляліся Эрдаган і насьледны прынц Саудаўскай Арабіі
Раней за ўсіх аб дасягненьні дамоўленасьці ў абмене палоннымі між Расеяй і Ўкраінай паведамілі сродкі масавай інфармацыі Турэччыны і Саудаўскай Арабіі. Першыя спасылаліся непасрэдна на прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана, а другія — на інфармаваныя крыніцы.
З уладамі Расеі і Ўкраіны пра ўмовы абмену дамаўляліся Рэджэп Эрдаган і насьледны прынц Саудаўскай Арабіі Мухамэд бін Салман. У выніку з расейскага палону вызвалілі 215 украінцаў і 10 байцоў Інтэрнацыянальнага легіёну, у тым ліку тых, каго асудзілі ў так званых «народных рэспубліках» Данбасу на сьмяротнае пакараньне або вялікія тэрміны пазбаўленьня волі.
Украінцаў вывезьлі ў Турэччыну, а іншаземцаў — у Саудаўскую Арабію.
Папярэдне вядома, што адной з умоваў стала тое, што частка ўкраінскіх абаронцаў — камандзіры палку «Азоў» — застануцца ў Турэччыне да заканчэньня вайны, а іншаземцы змогуць вярнуцца ў свае краіны.
Сярод вызваленых іншаземцаў — грамадзяне ЗША, Вялікай Брытаніі, Марока, Швэцыі і Харватыі.
Сяргей Валынскі «Валына» пасьля вызваленьня з палону
Медзьведчука абмянялі на 200 украінскіх абаронцаў
Формулу абмену ўдакладніў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Паводле яго, за Віктара Медзьведчука Расея перадала 200 абаронцаў Украіны.
«Мы абмянялі аднаго фаната Расеі на 200 ваяроў. Спачатку нам прапанавалі вярнуць 50 нашых людзей у абмен на аднаго з тых, хто знаходзіўся ў сьледчым ізалятары СБУ. Мы размаўлялі, настойвалі. Лік 50 павялічыўся да 200. Яны ўжо ва Ўкраіне», — паведаміў Уладзімір Зяленскі.
Вызваленыя з палону ўкраінскія байцы
Паводле яго, Украіна перадала Расеі 55 яе вайскоўцаў за камандзіраў вайсковых падразьдзяленьняў, якія абаранялі Марыюпаль і «Азоўсталь», — Сяргея Валынскага, Сьвятаслава Паламара, Дзяніса Пракапенку, Алега Хаменку і Дзяніса Шлегу.
Сярод вызваленых украінскіх вайскоўцаў і цяжарныя жанчыны, а таксама некалькі параненых з калёніі ў Аленаўцы. За іх найбольш перажывалі ва Ўкраіне.
Расея пэўны час адмаўлялася ўключаць Медзьведчука ў сьпіс для абмену
Праваахоўныя органы Ўкраіны затрымалі Віктара Медзьведчука сёлета 12 красавіка. Медзьвядчук знаходзіўся ва Ўкраіне пад хатнім арыштам па факце дзяржаўнай здрады і садзейнічаньня тэрарыстычнай дзейнасьці, аднак пазьней яму зьмянілі меру стрыманьня.
Праз тыдзень пасьля арышту прарасейскі палітык у відэазвароце папрасіў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага і Расеі Ўладзіміра Пуціна абмяняць яго на палонных украінскіх вайскоўцаў і цывільных жыхароў Марыюпалю. Аднак Крэмль ня выказаў гатоўнасьці да такога абмену.
«Медзьвядчук не зьяўляецца грамадзянінам Расеі. Ён ня мае ніякага дачыненьня да спэцыяльнай ваеннай апэрацыі. Ён зьяўляецца замежным палітычным дзеячом. Мы наагул ня ведаем, ці хоча ён сам нейкага ўдзелу Расеі ў вырашэньні гэтай пасквільнай у дачыненьні да яго сытуацыі», — заявіў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Чым вядомы кум Пуціна Медзьвядчук, якога арыштавалі ва Ўкраіне, і як ён зьвязаны зь БеларусьсюПершым з ініцыятывай абмену Медзьведчука на ўкраінскіх абаронцаў выступіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, адразу ж пасьля затрыманьня і арышту прарасейскага палітыка.
Лёс беларускіх палонных застаецца невядомым
Беларусаў, якія трапілі ў палон пад Лісічанскам у ліпені, Яна Дзюрбейкі і Сяргея Дзёгцева, у сьпісе вызваленых няма. Дагэтуль невядома, дзе іх утрымліваюць і што зь імі адбываецца.
Раней Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі паведамляў, што іхных імёнаў пакуль няма ў рэестры абаронцаў Украіны, якія трапілі ў расейскі палон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украіна ўключыла ў сьпіс палонных двух беларусаў. У палку Каліноўскага іх лічаць загінулыміВызваленыя з палону расейцы
Украінскі ўпаўнаважаны па правах чалавека Дзьмітрый Лубінец апублікаваў фотаздымкі перададзеных Расеі ваеннапалонных Узброеных сіл РФ. «Маладыя «дзеці» і пэнсіянэры другой арміі сьвету», – напісаў ён.