Інстытут вывучэньня вайны: пляны Крамля аб рэфэрэндумах у захопленых рэгіёнах Украіны разьлічаныя на ўнутраную аўдыторыю
Украінскія войскі ў вызваленым аде расейцаў Ізюме Харкаўскай вобласьці, 17 верасьня 2022
Лідэры заходніх краін і міжнародных арганізацый ужо заявілі аб непрызнаньні вынікаў такіх рэфэрэндумаў.
Інстытут вывучэньня вайны: пляны Крамля аб рэфэрэндумах у захопленых рэгіёнах Украіны разьлічаныя на ўнутраную аўдыторыю.
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што Крэмль зьбіраецца выкарыстаць вынікі фіктыўных рэфэрэндумаў у захопленых Расеяй рэгіёнах Украіны для абвяшчэньня іх расейскай тэрыторыяй і палепшыць магчымасьці аднаўленьня стратаў расейскай арміі.
«Пляны Крамля па анэксіі арыентаваныя, у першую чаргу, на ўнутраную аўдыторыю. Пуцін, хутчэй за ўсё, спадзяецца палепшыць магчымасьці фармаваньня расейскіх сіл, заклікаючы расейцаў добраахвотна ўдзельнічаць у вайне, каб „абараніць“ нядаўна абвешчаную расейскай тэрыторыю», — адзначаецца ў штодзённай справаздачы інстытуту.
Паводле экспэртаў ISW, імаверна, што Пуцін і яго дарадцы зразумелі, што цяперашніх расейскіх сіл недастаткова, каб заваяваць Украіну, а намаганьні хутка аднавіць армію пры дапамозе добраахвотнай мабілізацыі не адпавядаюць патрэбам.
«Такім чынам, Пуцін, хутчэй за ўсё, стварае прававыя і інфармацыйныя ўмовы для паляпшэньня фармаваньня расейскіх войскаў, не зьвяртаючыся да пашырэньня прызыву, зьмяняючы балянс пернікаў і бізуноў, якія Крэмль выкарыстоўвае для стымуляваньня добраахвотнага прызыву», — мяркуюць у Інстытуце вывучэньня вайны.
20 верасьня акупацыйныя ўлады Луганскай, Данецкай, Херсонскай і Запароскай абласьцей абвясьцілі аб правядзеньні 23-27 верасьня так званых «рэфэрэндумаў» аб далучэньні да Расеі.
Лідэры заходніх краін і міжнародных арганізацый ужо заявілі аб непрызнаньні вынікаў такіх рэфэрэндумаў. З адпаведнымі заявамі выступілі канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган, прэм’ер-міністарка Эстоніі Кая Калас, міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс, Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен, прадстаўніца Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Андрэа Калан і дарадца прэзыдэнта ЗША у нацбясьпецы Джэйк Саліван, генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг.