Заходнія выведкі патлумачылі, чаму Расея вярбуе на вайну з Украінай у сваіх турмах

UKRAINE-CRISIS/COUNTEROFFENSIVE

Расея мае сур’ёзныя праблемы з камплектаваньнем сваёй арміі.

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што Расея сутыкнулася з сур’ёзнымі праблемамі камплектаваньня сваёй арміі пасьля страт у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне.

На думку брытанскіх выведнікаў, аб праблемах сьведчаць два фактары — скарачэньне ў расейскіх вайсковых навучальных установах тэрміну падрыхтоўкі курсантаў і асабістае вэрбаваньне расейскіх вязьняў на вайну ўласьнікам прыватнай кампаніі «Вагнэр» Яўгена Прыгожына.

«Зьняволеным прапанавалі зьмякчыць пакараньне, а таксама грашовыя заахвочваньні. Гэта зноў узмацнілася. Прыгожын падкрэсьлівае, што шукае толькі «байцоў для дэсантна-штурмавых падразьдзяленьняў», — паведаміла брытанская выведка.

«Паскарэньне падрыхтоўкі курсантаў-афіцэраў і патрэба ПВК „Вагнэр“ у дэсантна-штурмавых войсках сьведчаць аб тым, што два найбольш сур’ёзныя недахопы камплектаваньня ва ўмовах ваеннага крызісу, імаверна, — баявая пяхота і малодшыя камандзіры», — адзначылі ў выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі.

Раней расейскія праваабарончыя арганізацыі змаглі ўстанавіць выпадкі вэрбаваньня на вайну ва Ўкраіну як мінімум у 15 расейскіх калёніях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прыгожын завэрбаваў на вайну з Украінай тысячу вязьняў у Растоўскай вобласьці

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) таксама зьвярнулі ўвагу на некалькі фактаў, якія сьведчаць аб праблемах з аднаўленьнем асабовага складу расейскай арміі пасьля стратаў ва Ўкраіне.

У прыватнасьці, паводле іх, пра гэта сьведчыць тое, што Расея пачала выводзіць вайсковыя сілы са сваіх баз у Таджыкістане і Кіргізстане. На пачатку вайны Расея вывела таксама частку сваіх міратворчых сіл з Армэніі.

У Інстытуце вывучэньня вайны актывізацыю вэрбаваньня і фармаваньня рэгіянальных добраахвотніцкіх батальёнаў зьвязваюць з паразай расейскіх войскаў у Харкаўскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Разбой, рабаваньне, забойства, канібалізм, сэксуальныя злачынствы. Якіх расейскіх вязьняў вэрбуюць на вайну з Украінай