Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разбой, рабаваньне, забойства, канібалізм, сэксуальныя злачынствы. Якіх расейскіх вязьняў вэрбуюць на вайну з Украінай


Чалавек, падобны да Яўгенія Прыгожына, вярбуе зьняволеных для ўдзелу ў баявых дзеяннях ва Ўкраіне. Стоп-кадар зь відэазапісу
Чалавек, падобны да Яўгенія Прыгожына, вярбуе зьняволеных для ўдзелу ў баявых дзеяннях ва Ўкраіне. Стоп-кадар зь відэазапісу

Паплечнікі Аляксея Навальнага і некалькі ананімных тэлеграм-каналаў увечары 14 верасьня апублікавалі відэа вэрбаваньня зьняволеных на тэрыторыі расейскай папраўчай калёніі.

Калі дакладна яно зьнята, невядома. На відэа чалавек, падобны на бізнэсмэна Яўгенія Прыгожына, якога называюць у СМІ «кухарам Пуціна», угаворвае людзей ісьці ваяваць у «ПВК Вагнэра».

Ён расказвае пра хаду баявых дзеяньняў і аб правілах, прынятых у гэтым незаконным паводле расейскіх жа законаў падразьдзяленьні — у прыватнасьці, калі хтосьці пагодзіцца ехаць у зону баявых дзеяньняў, але перадумае, яму пагражае расстрэл.

Як разумець гэтае відэа і што на сёньня вядома пра вэрбаваньне зьняволеных і выпраўленьне іх ваяваць ва Ўкраіну — пра гэта «Настоящее время» спытала праваабаронцу і заснавальніцу фонду «Русь сидящяя» Вольгу Раманаву.

— Мы ўсё гэта назіраем, мы ўсё гэта бачым і чуем два з паловай месяцы, пра што не перастаем казаць. У ліпені, калі ўсё гэта здарылася, ніхто не хацеў у гэта верыць, але зараз 10 тысяч зьняволеных завэрбавана.

— Гэты чалавек у кадры расказвае вельмі шмат дэталяў. Чаго вы з гэтага ня ведалі?

— Чаго мы ня ведалі... Мяне зьдзівіла толькі адно: здаецца, зорак ужо дзьве ў Прыгожына. Я ведала пра адну. Пяскова спыталі ўлетку, адкуль у Прыгожына зорка Героя Расеі — і ён адказаў нешта няўцямнае. Я ня ведаю, ці ёсьць сэнс пытацца пра другую. Але мне здаецца, што другая зорка — гэта за першы дзясятак тысяч завэрбаваных зьняволеных.

І я вельмі моцна зьдзівілася прыведзенай Прыгожыным факталёгіі. Ён кажа пра першы бой 1 чэрвеня — гэта хлусьня, бо «ПВК Вагнэра» прыехала ўпершыню ў Ленінградзкую вобласьць 29 чэрвеня. І сапраўды, першыя завэрбаваныя адправіліся з гэтай зоны 1–2 ліпеня, адправіліся яны ў Растоўскую вобласьць, у растоўскія калёніі ВК-2 і ВК-12. Там іх падрыхтавалі неяк, бо ў асноўным гэта былі людзі, не навучаныя нічому, якія не праходзілі вайсковую службу, 42 чалавекі. І першы бой быў 14 ліпеня...

— Хачу задаць вам яшчэ пытаньне, але перад гэтым паказаць фрагмэнт відэа з калёніі. (На відэазапісе Яўгеній Прыгожын згадвае, што вэрбавальнікі будуць «уважліва глядзець» за зьняволенымі з наркатычнымі артыкуламі і асуджанымі за сэксуальныя злачынствы і, магчыма, правераць іх на паліграфе. — НВ.) Мы чулі, зь якімі артыкуламі, падобна, нельга атрымаць месца ў ПВК: напрыклад, выраб, захоўваньне наркотыкаў. Вольга, а якія артыкулы, калі можна так сказаць, падвышаюць шанцы патэнцыйнага рэкрута? Якія людзі «Вагнэру» патрэбныя, вы разумееце?

— Зараз яны вэрбуюць усіх. У гэтыя выходныя быў адпраўлены атрад з ВК-7 Ноўгарадзкай вобласьці, выправілі на фронт 70 чалавек з найніжэйшай турэмнай герархіі, так званых «апушчаных». Чаго раней не магло быць. Я пасьпела пагаварыць з адным зь іх: «Навошта ты туды ідзеш?». Ён сказаў, што лепш сьмерць, чым вось так сядзець. З Тульскай вобласьці напісалі: «Наагул усіх забралі». Працытую: «Крывых, касых, зь ВІЧ і гэтак далей». Бяруць выдатна і з наркаманскімі артыкуламі, зараз ужо бяруць і з артыкуламі па сэксуальных злачынствах. У Саратаўскай вобласьці ўзялі маньяка, у якога ёсьць канібалізм у біяграфіі. Прыгожын кажа, што аддае перавагу тым, хто ўчыніў забойства, лепш не бытавое. Разбой, рабаваньне таксама добра ідзе. Але ўвогуле бяруць зараз усіх.

— А абяцаньне памілаваць праз паўгоду, пра якое згадвалася ў відэа, — наколькі наагул гэта законна (калі наагул можам цяпер гаварыць пра законнасьць у сувязі з такой тэмай)?

— Мы ня можам гаварыць пра законнасьць тут зусім ніяк, ні пры якіх абставінах... Што да памілаваньня, то ў Расейскай Фэдэрацыі правам памілаваньня валодае адзін чалавек — гэта прэзыдэнт. У прэзыдэнта ёсьць сайт kremlin.ru, там разьдзел «Памілаваньне», шэсьць чалавек апошнім разам былі памілаваныя ў 2021 годзе. Тым ня менш нават сам Прыгожын кажа, што памілаваньне магчымае толькі пасьля паўгоду ўдзелу ў баявых апэрацыях. Ня думаю, што пасьля паўгоду шмат хто застанецца ў жывых. Бо галоўным чыньнікам сьмерці [робіцца], як нам паведамляюць сваякі, падрыў на міне. Або тое, пра што кажуць самыя вагнэраўцы: калі чалавек трапляе ў атачэньне, ён мае дзьве гранаты і ўзрывае на сабе. Часта ўзрывае, хоць зьняволеныя выдатна трапляюць у палон і здаюцца — мы бачым кадры з украінскага боку. Можна паглядзець у мяне ў тэлеграме — некалькі дзён таму я публікавала відэа, як здаўся ў палон зьняволены, і я яго пазнаю, ведаю, хто гэта. Так што і здаюцца таксама. Хоць абяцаньне Прыгожына расстрэльваць на месцы за найменшыя падазрэньні ў нявернасьці, што б там ні было — гэта ж таксама нядрэнная праўная пазыцыя, так? Наколькі я ведаю, так, [практыкуюць] расстрэл на месцы.

— Вольга, 10 тысяч зьняволеных, вы сказалі, ужо завэрбавана. Наколькі, на ваш погляд, можа павялічыцца гэтая лічба? Колькі яшчэ калёніяў можа наведаць Яўгеній Прыгожын?

— З наведаных ім калёніяў пакуль самая ўсходняя ў Татарстане. Ён не ідзе на Ўрал зь невядомай мне прычыны. Ужо 10 тысяч — але і гэта не мяжа ў цэнтральнай Расеі. Калі ён пойдзе на Ўрал, дзе найбольшая канцэнтрацыя зонаў, — то колькі заўгодна. У нас 600 тысяч зьняволеных, зараз крыху менш. Калі ўлічыць тых, каго выбракоўваюць, — ды хоць паўмільёна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG