СБУ праводзіць апэрацыю на вызваленых ад расейскай акупацыі тэрыторыях: на Харкаўшчыне арышты калябарантаў
Украінскія вызваліцелі 14 верасьня 2022 у адной зь вёсак на Харкаўшчыне
Служба бясьпекі Ўкраіны працягвае маштабныя «стабілізацыйныя» захады ў прыфрантавых раёнах усходу Ўкраіны. Толькі за апошнія дні пасьля дэакупацыі Харкаўскай вобласьці выявілі і затрымалі 16 калябарантаў.
13 чалавек ужо пачулі падазрэньні ва ўчыненьні злачынстваў, 11 узялі пад варту.
Усяго ў вызваленых населеных пунктах Харкаўскай вобласьці супрацоўнікі СБУ правялі паглыбленую праверку каля 7 тысяч чалавек.
Таксама ў ходзе апэратыўных дзеяньняў на вызваленых тэрыторыях супрацоўнікі СБУ атрымалі поўныя сьпісы з ідэнтыфікацыйнымі дадзенымі прадстаўнікоў былой акупацыйнай адміністрацыі і асоб, якія зь імі супрацоўнічалі. Выяўленыя і рэестры «падатковай службы» захопнікаў.
«У гэтыя „дакумэнты“ акупанты ўносілі ўсе камэрцыйныя структуры і іх кіраўнікоў, якія фінансавалі збройную агрэсію супраць Украіны праз выплату так званых „падаткаў“ у бюджэт Расеі», — паведамляе СБУ.
У ходзе сьледчых дзеяньняў у месцах знаходжаньня зламысьнікаў канфіскавалі пакінутую акупантамі «касу» з расейскімі купюрамі на суму больш як 21 мільён рублёў і дакумэнтальныя матэрыялы з доказамі злачынных дзеяньняў на карысьць краіны-агрэсара.
У рамках крымінальных спраў, пачатых за «здраду дзяржаве ва ўмовах ваеннага становішча» і «калябаранцкую дзейнасьць», працягваюцца дасудовыя расьсьледаваньні.