Стабільны паток паставак заходніх узбраеньняў і незвычайная рашучасьць украінскіх вайскоўцаў сталі галоўнымі фактарамі, якія ляжаць у аснове пасьпяховай кампаніі контранаступу Ўзброеных сіл Украіны супраць расейскіх агрэсараў, заявіў Нэд Прайс, афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту.
Адказваючы на пытаньне журналіста аб тым, ці могуць нядаўнія посьпехі Ўкраіны на полі бою заахвоціць эўрапейцаў актывізаваць пастаўкі ўзбраеньняў Кіеву, Прайс адзначыў, што цяперашняе пасьпяховае контранаступленьне залежала ад некалькіх фактараў.
«Гэта вынік зацятасьці, рашучасьці і адвагі нашых украінскіх партнэраў, што... шмат у чым стала магчымым дзякуючы дапамозе ў сфэры бясьпекі, якую аказалі Злучаныя Штаты і нашы партнэры па ўсім сьвеце», — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту, нагадаўшы, што з пачатку ўварваньня толькі Злучаныя Штаты далі Ўкраіне каля 14,5 мільярда даляраў дапамогі ў сфэры бясьпекі.
«Аднак... вырашальным фактарам тут стала тое, што ў нашых украінскіх партнэраў заўсёды будзе рашучасьць, якой ніколі ня будзе ў расейцаў. Украінцы змагаюцца за сваю дэмакратыю, за сваю свабоду, за сваю краіну. Расейцы, сярод якіх ёсьць тыя, каго прызвалі на службу, альбо выпусьцілі з турмы, ці ж яны адправіліся ва Ўкраіну ў якасьці наймітаў прыватных вайсковых кампаній, ваююць не за гэта. У многіх выпадках яны ня ведаюць, за што яны змагаюцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
New York Times: плян наступу УСУ быў створаны з дапамогай ЗША і Вялікай БрытанііЁн адзначыў, што пасьля пераходу Ўкраіны да контранаступу ўсім стала відавочна, што «расейская абарона аказалася не такой ужо ўстойлівай», і гэта, паводле Прайса, «сьведчыць аб прагрэсе, якога дабіліся нашы ўкраінскія партнэры».
«Мы заўсёды казалі, што... вайна Расеі супраць Украіны, ня будзе лінейнай з пункту гледжаньня тэрытарыяльных набыткаў. Упэўненыя ў тым, што мы паставілі нашых украінскіх партнэраў на шлях, які дапаможа ім арганізаваць эфэктыўную абарону сваёй краіны», — адзначыў Прайс.
Камэнтуючы пытаньне аб зьяўленьні ў некаторых расейскіх дзяржаўных СМІ здагадак аб магчымасьці правядзеньня мірных перамоваў, і пра тое, ці лічаць у Вашынгтоне верагоднымі патэнцыйныя перамовы з Расеяй, Прайс сказаў, што «пакуль ні мы, ні нашы ўкраінскія ці эўрапейскія саюзьнікі і партнэры ня бачым ніякіх прыкмет таго, што расейцы гатовыя да перамоваў і да ўдзелу ў... дыялёгу».
«Мы хочам, каб нашыя ўкраінскія партнэры апынуліся ў максымальна выгадным становішчы, калі ўзьнікне магчымасьць правядзеньня перамоваў. З кожным днём эфэктыўнага контранаступленьня, з кожнай цаляй адваяванай тэрыторыі іхная пазыцыя за сталом перамоваў будзе ўмацоўвацца», — дадаў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ці можа ўкраінскі контранаступ пераламіць хаду вайны? Што пра гэта кажуць былы камандуючы NATO ды іншыя экспэртыПрэс-сакратар Мінабароны ЗША, брыгадны генэрал ВПС Пэт Райдэр выказаўся на тэму далейшай вайсковай дапамогі Ўкраіне. Паводле яго, украінскія войскі з самага пачатку варожага ўварваньня выкарыстоўваліся высокаэфэктыўна.
«З самага пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну мы бачылі, як украінцы дэманстравалі выдатную здольнасьць выкарыстоўваць свае баявыя магчымасьці зь вялікім эфэктам, таму для нас нядзіўна, што яны прасоўваліся гэтак хутка. Яны таксама зноў прадэманстравалі выдатную здольнасьць выкарыстоўваць магчымасьці, якія даюцца на полі бою, і цяперашні контранаступ у Харкаўскай вобласьці не зьяўляецца выключэньнем.
Я думаю, што калі нехта і быў зьдзіўлены, грунтуючыся толькі на справаздачах, якія мы бачылі ў дачыненьні... рэакцыі расейскіх вайскоўцаў, то, пэўна, гэта былі самі расейцы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
WSJ: Украіна папрасіла ў ЗША ракеты з радыюсам дзеяньня да 300 км для працягу наступу ў 2023 годзеРайдэр таксама дадаў, што ЗША ня будуць зьніжаць тэмпаў вайсковай дапамогі Ўкраіне. Пры гэтым ён ухіліўся ад прамога адказу на пытаньне аб магчымых пастаўках ракет павялічанай далёкасьці ATACMS для РСЗА HIMARS.
«Мы працягнем зь імі абмеркаваньне, каб зразумець, што ім трэба неадкладна і ў доўгатэрміновай пэрспэктыве», — сказаў прэс-сакратар Пэнтагону.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.