Зяленскі заявіў, што з пачатку верасьня Ўзброеныя сілы Ўкраіны вызвалілі каля 2 тысяч квадратных кілямэтраў украінскай тэрыторыі
З пачатку верасьня ўкраінскія вайскоўцы вызвалілі ад расейскай акупацыі каля дзьвюх тысяч квадратных кілямэтраў тэрыторыі Ўкраіны, паведаміў прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце 10 верасьня.
«Рух нашых ваяроў на розных кірунках фронту працягваецца. Цяпер у рамках актыўных дзеяньняў з пачатку верасьня ўжо вызваленыя каля дзьвюх тысяч квадратных кілямэтраў нашай тэрыторыі. Расейскае войска ў гэтыя дні дэманструе лепшае, што ўмее — паказвае сьпіну. І, урэшце, гэта нядрэнны выбар для іх — бегчы», — сказаў кіраўнік украінскай дзяржавы.
«Аднак я падкрэсьліваю яшчэ раз: калі нехта з расейскіх вайскоўцаў або сілавікоў баіцца цяпер вяртацца ў Расею, мы гарантуем кожнаму, хто будзе затрыманы нашымі вайскоўцамі, абыходжаньне згодна з Жэнэўскімі канвэнцыямі», — дадаў ён.
Раней, у сваім вечаровым відэазвароце 8 верасьня прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што за мінулы тыдзень украінскія войскі «вызвалілі дзясяткі населеных пунктаў» і адбілі ў расейскіх войскаў больш за 1000 квадратных кілямэтраў тэрыторыі.
9 верасьня Зяленскі паведаміў, што Узброеныя сілы Ўкраіны вызвалілі і ўзялі пад кантроль больш за 30 населеных пунктаў у Харкаўскай вобласьці.
У вячэрняй зводцы 10 верасьня Генштаб УСУ паведаміў, што працягваецца вызваленьне захопленых расейскімі войскамі населеных пунктаў у Харкаўскай вобласьці і на Паўднёвабускім кірунку. «Зь меркаваньняў бясьпекі нашых вайскоўцаў афіцыйная інфармацыя будзе прадстаўленая пасьля», — заявілі ў Генштабе.
Міністэрства абароны Расеі 10 верасьня ўпершыню пасьля пачатку ўкраінскага наступленьня ў Харкаўскай вобласьці, у выніку якога быў прарваны фронт і вызваленыя дзясяткі населеных пунктаў, ускосна пацьвердзіла адступленьне расейскіх войскаў, назваўшы гэта «перагрупоўкай».