Палітзьняволеная журналістка «Белсату» Дар'я Чульцова выйшла на волю, Кацярына Андрэева застаецца ў СІЗА

Дар'я Чульцова пасьля вызваленьня, фота «Новага Часу»

Журналістка «Белсату» Дар’я Чульцова 3 верасьня выйшла на волю з гомельскай жаночай калёніі, паведамляе «Новы Час». Яна цалкам адбыла тэрмін зьняволеньня.

Журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 году падчас жывой трансьляцыі з акцыі памяці загінулага беларускага актывіста Рамана Бандарэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову назвалі «журналісткамі году» на фэстывалі PRIX Europa

Паводле вэрсіі сьледзтва, з прычыны стрыму, які журналісткі вялі з аднаго з суседніх высотных будынкаў, быў спынены рух 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных.

Журналістак асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх».

У красавіку 2022 году стала вядома, што на Кацярыну Андрэеву завялі новую крымінальную справу паводле артыкула «Здрада дзяржаве». 13 ліпеня яе асудзілі на 8 гадоў і 3 месяцы пазбаўленьня волі з улікам прызначанага раней судом Фрунзэнскага раёну Менску пакараньня. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. На падставе якіх падзей на Кацярыну завялі новую справу, дагэтуль невядома. Суд прызнаў журналістку вінаватай «у перадачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістцы Кацярыне Андрэевай вынесьлі новы вырак: яшчэ 8 гадоў і 3 месяцы зьняволеньня

Андрэева падала апэляцыйную скаргу на прысуд, пакуль яна застаецца ў гомельскім СІЗА № 3, дзе знаходзіцца ад пачатку новага сьледзтва ў лютым 2022 году.

Вярхоўны суд мае разглядаць яе скаргу 20 верасьня.

Па словах родных, ёй моцна абмежавалі перапіску — лісты і паведамленьні даходзяць толькі ад найбліжэйшых родных.

Дар’і Чульцовай, якую затрымлівалі і судзілі разам з Андрэевай, новых абвінавачаньняў не выстаўлялі, яна адбывала свой тэрмін у жаночай калёніі Гомля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы не далі кінуць грамадзтва ў пастку прапаганды». Прадстаўнік БАЖ Барыс Гарэцкі — пра страты і дасягненьні беларускай журналістыкі