«Фізычная цэласнасьць АЭС была парушаная некалькі разоў». Кіраўнік МАГАТЭ расказаў пра стан Запароскай АЭС
Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі (зьлева) размаўляе з прэсай разам зь міністрам энэргетыкі Ўкраіны Германам Галушэнкам і кіраўніком украінскага «Енергоатома» Пятром Коціным пасьля візыту на Запароскую АЭС. 1 верасьня 2022
Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі вярнуўся на падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю і расказаў журналістам аб стане Запароскай АЭС. Ён правёў на станцыі некалькі гадзінаў.
«Відавочна, што фізычная цэласнасьць электрастанцыі была парушаная некалькі разоў. Так ня можа працягвацца», — цытуе яго расейская служба BBC.
Паводле Гросі, яму ўдалося абысьці ўсю Запароскую АЭС і ўбачыць ключавыя часткі станцыі. У прыватнасьці, аварыйныя сыстэмы і дыспэтчарскія. Цяпер яго каманда, якая засталася на станцыі, будзе аналізаваць тэхнічныя аспэкты.
«Мы нікуды не адыходзім. МАГАТЭ цяпер там, на электрастанцыі, і інспэктары не сыходзяць — яны застануцца там», — падкрэсьліў Гросі.
Ён таксама адзначыў, што спэцыялісты агенцтва дадуць бесстароньнюю, нэўтральную і тэхнічна абгрунтаваную ацэнку таго, што адбываецца на Запароскай АЭС.
Акрамя таго, Гросі расказаў пра абстрэлы ў раёне Запароскай АЭС, якія яму ўдалося асабіста ўбачыць.
«Былі моманты, калі было відавочна, што страляюць: кулямётны агонь, мінамёты. Два-тры разы было сапраўды вельмі трывожна, я б сказаў, для ўсіх нас», — сказаў ён.
Расея і Ўкраіна абвінавачваюць адна адну ў абстрэлах станцыі і горада Энэргадара. Агонь не спыняўся нават у дзень прыезду місіі МАГАТЭ, ад чаго экспэртам давялося затрымацца на тры гадзіны.
Расейскія войскі захапілі Запароскую АЭС неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у сакавіку 2022 году. З таго часу Кіеў і Масква неаднаразова абвінавачвалі адзін аднаго ў абстрэлах тэрыторыі побач з АЭС. У пачатку жніўня ў МАГАТЭ казалі, што на Запароскай АЭС масава парушаюць пратаколы бясьпекі.