Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Энэргадары перад візытам місіі МАГАТЭ на Запароскую АЭС ідуць абстрэлы, атакуюць верталёты, ёсьць ахвяры


Запароская АЭС
Запароская АЭС

Абстрэлы не спыняюцца з 5 гадзіны раніцы. На атамнай электрастанцыі адключыўся 5-ы энэргаблёк.

У Энэргадары, горадзе-спадарожніку Запароскай АЭС, куды павінна прыбыць сёньня місія МАГАТЭ, раніцай не спыняюцца абстрэлы. Ёсьць пацярпелыя, кажа мэр Дзьмітро Арлоў.

«Зь пяці гадзін раніцы пастаянны мінамётны абстрэл гораду не спыняецца. Чуваць аўтаматныя стрэлы. Ёсьць пацярпелыя! Колькі менавіта, мы высьвятляем», — напісаў ён у сваім Telegram-канале.

Празь некалькі хвілін ён дадаў, што акупацыйныя ўлады паведамілі пра загінулых і параненых.

«Самыя забойцы мірнага насельніцтва, якія раніцай абстрэльваюць Энэргадар зь мінамётаў, кулямётаў і страляюць набоямі, прымянілі авіяцыю (над горадам кружляюць верталёты), ужо паведамілі аб загінулых і параненых у выніку іх абстрэлу!» — напісаў Арлоў.

У мэра ёсьць інфармацыя, што пацярпелі жылыя дамы, прыватныя сядзібы ў прыгарадзе, прыёмныя пакоі лякарняў і дзіцячыя садкі. Мэр просіць людзей заставацца дома і выконваць «правіла дзьвюх сьцен».

Галоўнае ўпраўленьне выведкі Мінабароны Ўкраіны заявіла, што 1 верасьня расейскія ўдарныя верталёты К-52 бамбілі жылыя кварталы над Энэргадарам, а таксама нанесьлі мінамётны ўдар у непасрэднай блізкасьці ад тэрыторыі Запароскай АЭС і атамных рэактараў. У выведцы падкрэсьлілі, што абстрэлы зьвязаныя з прыездам ва Ўкраіну місіі МАГАТЭ, назваўшы іх «часткай пляну правакаваньня місіі, накіраванага на стварэньне патрэбнай Крамлю карцінкі».

У Мінабароны Расеі заявілі, што ўкраінскія дывэрсанты нібыта спрабавалі захапіць Запароскую АЭС.

«Каля 6 гадзін раніцы ўкраінскія войскі дзьвюма дывэрсійнымі групамі да 60 чалавек на сямі лодках высадзіліся на ўзьбярэжжы Кахоўскага вадасховішча ў трох кілямэтрах на паўночны ўсход ад Запароскай АЭС і распачалі спробу захопу электрастанцыі. Прынятыя меры па зьнішчэньні суперніка, у тым ліку з выкарыстаньнем вайсковай авіяцыі», — гаворыцца ў паведамленьні расейцаў.

Украінскі бок заяўляе, што расейскія войскі абстрэльваюць маршрут, па якім місія МАГАТЭ павінна трапіць на Запароскую АЭС. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведаміў кіраўнік Запароскай абласной адміністрацыі Аляксандар Старух. Кіраўнік рэгіёну падкрэсьліў, што ўкраінскі бок спрабуе забясьпечыць міжнароднай дэлегацыі доступ на станцыю.

Расея павінна неадкладна спыніць абстрэл маршруту, па якім місія Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі павінна прайсьці да акупаванай Запароскай АЭС, заявіў прэс-сакратар МЗС Украіны Алег Нікаленка.

«У парушэнне ўзятых на сябе абавязаньняў расейская армія вядзе інтэнсіўны абстрэл калідору, па якім місія МАГАТЭ павінна праехаць з Запарожжа на АЭС. Расія павінна неадкладна спыніць гэтыя небясьпечныя правакацыі і дазволіць МАГАТЭ бясьпечны праезд», — напісаў ён у твітары.

Пры гэтым агенцтва Reuters са спасылкай на генэральнага дырэктара МАГАТЭ Рафаэля Гросі паведамляе, што дэлегацыя ўжо выправілася з Запарожжа ў Энэргэдар, нягледзячы на абстрэлы. Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі заявіў, што місія ведае пра «ўзмацненьне ваеннай актыўнасьці ў гэтым раёне», але плянуе наведаць аб'ект і сустрэцца з пэрсаналам станцыі.

«У гэтым раёне назіраецца павышаная ваенная актыўнасьць. Зайшоўшы так далёка, мы не спыняемся», — сказаў Гросі.

Украінскае дзяржаўнае прадпрыемства «Энэргаатам» заявіла, што ў выніку расейскіх абстрэлаў на атамнай электрастанцыі спрацавала аварыйная абарона і адключыўся працоўны 5-ы энэргаблёк. Акрамя таго, пашкоджана лінія рэзэрвовага электразабесьпячэньня ўласных патрэб. «У пераходным рэжыме абясточаны непрацуючы энэргаблёк № 2 з пускам дызэль-генэратараў».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG