Лукашэнка выказаў спачуваньне родным Гарбачова

Аляксандар Лукашэнка і Міхаіл Гарбачоў

Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуваньні родным і блізкім апошняга кіраўніка СССР Міхаіла Гарбачова, які памёр увечары 30 жніўня на 92-м годзе жыцьця.

Пра гэта паведаміў неафіцыйны тэлеграм-канал прэсавай службы Лукашэнкі «Пул Первого».

У тэксьце спачувальнага ліста, які цытуе «Пул Первого», Гарбачоў згадваецца толькі як «прэзыдэнт Міжнароднага фонду сацыяльна-эканамічных і паліталягічных дасьледаваньняў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гарбачоў сышоў без крыві, Лукашэнка б так ня змог», — дарадца Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі ўзгадвае апошняга кіраўніка СССР

«З жалем успрыняў вестку аб сьмерці Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова, чыё жыцьцё было шчыльна зьвязанае зь лёсам нашай агульнай Радзімы, — зазначыў Лукашэнка. — Міхаіл Сяргеевіч зрабіў вялікі асабісты ўнёсак у разрадку міжнароднай напружанасьці і глябальнае ядзернае раззбраеньне ў канцы ХХ стагодзьдзя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вынікам стаў больш бясьпечны сьвет і большая свабода для мільёнаў людзей». Сусьветныя лідэры пра Гарбачова

«Ён шчыра верыў у магчымасьць пераўладкаваньня грамадзтва на прынцыпах галоснасьці, народаўладзьдзя і адкрытасьці», — дадаў Лукашэнка.

Спачуваньні сям’і Гарбачова выказаў таксама прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Як стала вядома, пахаваньне экс-прэзыдэнта СССР адбудзецца 3 верасьня на Навадзевічых могілках у Маскве, дзе пахаваная жонка Гарбачова Раіса.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што Гарбачоў зрабіў для Беларусі?