Памёр апошні кіраўнік СССР Міхаіл Гарбачоў

Міхаіл Гарбачоў

На 92-м годзе жыцьця памёр Міхаіл Гарбачоў, апошні генэральны сакратар ЦК КПСС і першы ды апошні прэзыдэнт СССР.

Гарбачоў памёр увечары ў аўторак, 30 жніўня, пасьля цяжкай і працяглай хваробы, заявілі журналістам у Цэнтральнай клінічнай бальніцы ў Маскве.

Гарбачоў узначаліў КПСС у 1985, стаўшы самым маладым сябрам Палітбюро (яму было 54 гады). Неўзабаве ён абвясьціў курс на галоснасьць і «перабудову» («перестройка»). Гэта няўдалая спроба рэфармаваньня савецкай сыстэмы цягам некалькіх наступных гадоў фактычна прывяла да свабоды слова і прэсы, а пасьля — да ўзьнікненьня парлямэнтарызму і краху СССР у 1991 годзе.

Міхаіл Гарбачоў. Жыцьцё ў фатаздымках

У красавіку 1986 году адбыўся выбух на Чарнобыльскай атамнай станцыі, які пакрыў радыяцыяй ня толькі тэрыторыі ва Ўкраіне, Беларусі і Расеі, але і ў краінах Эўропы. Аднак Гарбачоў выступіў са зваротам да савецкага народа толькі 15 траўня — больш чым праз тры тыдні пасьля катастрофы.

На міжнароднай арэне Гарбачоў узяў курс на скарачэньне ядзерных узбраеньняў і зьніжэньне напружанасьці ў адносінах з ЗША і NATO.

Лідэры СССР і ЗША Міхаіл Гарбачоў і Роналд Рэйган у Вашынгтоне. 8 сьнежня 1987 года

Абвешчаная Гарбачовым перабудова спрыяла падзеньню прасавецкіх рэжымаў у краінах Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы, што зрабіла яго ці ня самым папулярным палітыкам свайго часу. У 1990 годзе Гарбачоў атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексіевіч — Гарбачову: «Вы галоўны чалавек ХХ стагодзьдзя»

У лютым 1990 года Гарбачоў быў абраны прэзыдэнтам СССР, стаўшы першым і апошнім чалавекам на гэтай пасадзе.

У жніўні 1991 года яго паспрабавала зрынуць група партыйных функцыянэраў, якая абвясьціла пра стварэньне Дзяржаўнага камітэта па надзвычайным становішчы (ГКЧП), але путч праваліўся — не ў апошнюю чаргу з той прычыны, што выклікаў шырокае непрыманьне ў грамадзтве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівеньскі путч у СССР: хто, супраць каго і навошта, і як на гэтым выйграла Беларусь

Гарбачоў склаў з сябе прэзыдэнцкія паўнамоцтвы ў сьнежні 1991 года, калі лідэры Расеі, Украіны і Беларусі, якія ўжо абвясьцілі незалежнасьць, падпісалі Белавескае пагадненьне аб ліквідацыі СССР і стварэньні Садружнасьці незалежных дзяржаў (СНД).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Такія розныя сьлёзы, альбо Ўрокі адной адстаўкі

Пасьля сыходу з палітыкі Міхаіл Гарбачоў стварыў і ўзначальваў «Горбачёв-фонд», які займаецца дасьледаваньнем праблем расейскай і сусьветнай гісторыі. У 1996 годзе ён удзельнічаў у выбарах прэзыдэнта Расеі, набраўшы 0,51% галасоў.

Гарбачоў і Беларусь

У 1986 годзе Гарбачоў, атрымаўшы ліст беларускай інтэлігенцыі пра крытычны стан беларускай мовы, накіраваў у Менск адмысловую камісію. Кіраўніцтву ЦК КПБ давялося карэктаваць сваё стаўленьне да моўнай палітыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ліст 28-мі» альбо як Гарбачоў беларускую мову ратаваў

Заява пра ўтварэньне Аргкамітэту БНФ «Адраджэньне» у кастрычніку 1988 году пачыналася з узгадкі пра перабудову «распачатую лепшымі сіламі КПСС». Аналягічныя адсылкі рабіліся і ініцыятарамі Народных Франтоў тагачасных рэспублік Балтыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Goodbye, Gorby. Вайна абнуліла Міхаіла Гарбачова

Міхаіл Гарбачоў прыязна ставіўся да Васіля Быкава і Алеся Адамовіча, спрабаваў абараніць іх (няўдала) ад артадаксальнага камуністычнага кіраўніцтва БССР. Ён наведаў цырымонію разьвітаньня з Адамовічам у студзені 1994 году і даў вялікае інтэрвію беларускай службе Радыё Свабода пра Васіля Быкава на 40-ы дзень сьмерці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарбачоў: “Калі Быкаў вымушаны быў зьехаць – гэта шмат пра што казала”

Падчас бурлівых падзеяў 2020-га году Гарбачоў спачатку вітаў мірныя народныя пратэсты ў Беларусі, але пасьля заявіў, што «беларускаму народу трэба навучыцца знаходзіць агульную мову, замест таго каб весьці справу да раздраю ў рэспубліцы». Ён таксама нэгатыўна ацаніў магчымае скасаваньне гэта званага саюзу Беларусі і Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарбачоў: Трэба даць магчымасьць кожнаму народу самому вызначаць свой лёс
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чалавек, які не хацеў крыві. Гарбачову — 90