На стрыечнага брата намесьніка камандзіра палка Каліноўскага завялі крымінальную справу

Ілюстрацыйнае фота. Шаўрон добраахвотніка палка Каліноўскага

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра ціск на сваякоў намесьніка камандзіра палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука з боку беларускіх сілавікоў.

Першай ахвярай ціску стаў 32-гадовы стрыечны брат Вадзіма Сяргей Франчук. Як паведаміла «Вясьне» маці Вадзіма Таісія Кабанчук, яго забралі з кватэры бацькоў у Бабруйску, дзе ён жыў апошнім часам. 9 жніўня, калі бацькі Сяргея былі на лецішчы, 5 чалавек зь менскага АМАПу ўварвалася ў кватэру, ударылі Сяргея Франчука пісталетам па галаве, правялі ператрус, забралі мабільны тэлэфон, ноўтбук і самога Сяргея.

Мужчыну асудзілі на 15 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за непадпарадкаваньне. Паводле праваабаронцаў, насамрэч спэцслужбаў цікавіў Вадзім Кабанчук. Сілавікі запісалі «пакаяльнае» відэа зь Сяргеем Франчуком, дзе ён гаворыць, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту 2020 году і пісаў камэнтары ў «экстрэмісцкіх» тэлеграм-чатах. На відэа відаць, што лоб у Сяргея заклеены.

23 жніўня, пасьля заканчэньня 15 дзён арышту, Сяргей Франчук на волю ня выйшаў. Яму выставілі абвінавачваньне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

Таксама за гэты час на допыт у КДБ была выклікалі стрыечную сястру Вадзіма Кабанчука з мужам. У іх таксама распытвалі, што яны ведаюць пра Вадзіма.

Многія беларусы з пачатку вайны сталі на абарону Ўкраіны, сфармаваліся полк Каліноўскага і полк «Пагоня», таксама беларусы ваююць у шэрагах УСУ. Па падліках штабу Ціханоўскай, на баку Ўкраіны ваююць каля 1500 беларусаў.

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін раней заявіў, што «фармаваньне і падрыхтоўка фармаваньняў нацыяналістычнага кшталту, тыпу палка Каліноўскага і яму падобных», далейшым прызначэньнем якіх можа быць «разьвязаньне грамадзянскай вайны на тэрыторыі Беларусі», зьяўляюцца для краіны «ваеннай пагрозай і будуць лякалізоўвацца ўсімі наяўнымі сіламі і сродкамі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Беларусі пра полк імя Каліноўскага: ваенную пагрозу «лякалізуем усімі сіламі і сродкамі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На судзе плакалі і прасілі, каб ня „шылі“ таго, чаго не было». Стала вядома, як судзілі маці і сястру загінулага каліноўца Парфянкова
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 сьмерцяў беларускіх добраахвотнікаў і іншыя лічбы і факты пра вайну ва Ўкраіне, якая ідзе ўжо 150 дзён
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі баец-добраахвотнік ва Ўкраіне распавёў, як ягонага бацьку затрымлівалі ў Беларусі за антываенны пратэст
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці загінулага ва Ўкраіне беларуса, якая прыняла за яго ўзнагароду, гэта вядомая гомельская выкладчыца, якую рэпрэсавалі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці судзяць беларуса за тое, што хацеў далучыцца да добраахвотнікаў ва Ўкраіне. Гэта трэці падобны суд