Міністар абароны Беларусі пра полк імя Каліноўскага: ваенную пагрозу «лякалізуем усімі сіламі і сродкамі»

Віктар Хрэнін
Віктар Хрэнін

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што беларускі бок разглядае «спэцыяльную ваенную апэрацыю, вымушана пачатую Расеяй на тэрыторыі Ўкраіны», як гарачую фазу «глябальнай проксі-вайны» і вонкавай прыкметай глябальнага супрацьстаяньня між Захадам і Ўсходам.

Паводле Віктара Хрэніна, вайна ідзе за «права Захаду дыктаваць іншым правілы гульні і свабодна распараджацца сусьветнымі рэсурсамі».

«Фактычна, менавіта ўсходнеэўрапейскія дзяржавы, знаходзячыся пад вонкавым кіраваньнем ЗША, сталі амэрыканскім фарпостам на заходніх межах Рэспублікі Беларусі і Расеі. І менавіта яны сёньня, сьледам за Ўкраінай, прапануюць сябе на ролю інструмэнтаў і пляцдармаў экспансіі супраць саюзнай дзяржавы, дэманструючы рашучасьць выкарыстоўваць любыя захады. Аж да прамога ваеннага сутыкненьня. Што мы, уласна, і бачылі ў канцы мінулага году паблізу нашых межаў», — заявіў міністар абароны Беларусі ў Маскве, выступаючы на X Маскоўскай канфэрэнцыі ў міжнароднай бясьпецы.

Віктар Хрэнін патлумачыў, што выкананьне саюзных абавязкаў Беларусі перад Расеяй у вайне з Украінай зьяўляецца «прэвэнтыўнай рэакцыяй на пагрозу разьвязаньня ваеннай агрэсіі супраць Беларусі».

Паводле яго, «у „горане“ ўкраінскага вайсковага канфлікту працягваюць „каваць“ сілы для вайны супраць Беларусі».

«Прыкладам гэтаму зьяўляецца фармаваньне і падрыхтоўка фармаваньняў нацыяналістычнага кшталту, тыпу палка Каліноўскага і яму падобных. Іх далейшае прызначэньне можа быць разьвязаньне грамадзянскай вайны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Падобныя дзеяньні зьяўляюцца для нас ваеннай пагрозай і будуць лякалізоўвацца ўсімі наяўнымі сіламі і сродкамі», — цытуе прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі слова Віктара Хрэніна.

Грамадзяне Беларусі ваююць супраць Расеі як на баку Ўкраіны, так і Расеі.

У складзе Ўзброеных сіл Украіны ваююць некалькі беларускіх падразьдзяленьняў, у тым ліку полк імя Кастуся Каліноўскага і атрад «Пагоня».

У жніўні афіцыйная прадстаўніца палку імя Каліноўскага Крысьціна «Чабор» заявіла, што «полк Каліноўскага ёсьць вайсковым падразьдзяленьнем у складзе Ўзброеных сіл Украіны і выконвае баявыя задачы на фронце».

​
XS
SM
MD
LG