Расея стварыла 21 фільтрацыйны лягер для ўкраінцаў, — Ейльскі ўнівэрсытэт
Ілюстрацыйнае фота. Пашкоджаны жылы будынак у акупаваным Марыюпалі
Дасьледчыкі знайшлі ў Данбасе фільтрацыйныя лягеры, выкарыстоўваючы матэрыялы з адкрытых крыніц. Украінцаў утрымліваюць там ва ўмовах антысанітарыі, нястачы ежы і вады, сьцьвярджаюць аўтары дакладу.
З сакавіка 2022 году Расея стварыла сама меней 21 фільтрацыйны лягер для ўкраінцаў у Данецкай вобласьці, сьцьвярджаецца ў дакладзе дасьледчыкаў Ейльскага ўнівэрсытэту. Дакумэнт апублікаваны на сайце праекту Conflict Obseratory, які падтрымлівае Дзярждэпартамэнт ЗША, піша DW.
Дасьледчыкі, выкарыстоўваючы інфармацыю з адкрытых крыніц і дадзеныя дыстанцыйнага зандаваньня, «з высокай ступеньню імавернасьці» вызначылі месцазнаходжаньні 21 фільтрацыйнага лягера. Яны дзеляць знойдзеныя аб’екты на чатыры асноўныя катэгорыі: пункты рэгістрацыі, месцы ўтрыманьня людзей, якія чакаюць рэгістрацыі, сьледчыя ізалятары і турмы, якія служаць месцам працяглага ўтрыманьня пад вартай.
«Затрыманьне цывільных асобаў бяз сувязі з вонкавым сьветам — гэта больш за парушэньне міжнароднага гуманітарнага права, — заявіў Кавэ Хошнуд, адзін з аўтараў дасьледаваньня. — Умовы ўтрыманьня пад вартай, задакумэнтаваныя ў гэтай справаздачы, як мяркуецца, уключаюць у сябе антысанітарыю, брак ежы і вады, абмежаваныя ўмовы і катаваньні», — адзначыў ён.
Аўтары дакладу патрабуюць забясьпечыць доступ незалежных назіральнікаў да апісаных у дакумэнце абʼектаў.
Акрамя гэтага, у дакладзе Ейльскага ўнівэрсытэту згадваюцца абʼекты, якія, імаверна, зьяўляюцца магіламі ваеннапалонных з калёніі ў Аленаўцы, дзе ў выніку выбуху ў канцы ліпеня загінулі 53 украінскія ваеннапалонныя. Масква і Кіеў ускладаюць адказнасьць за выбух адзін на аднаго.
Амбасада Расеі ў ЗША адрэагавала на даклад, назваўшы матэрыял «фальшыўкай». У дыпмісіі заявілі, што Дзярждэпартамэнт Злучаных Штатаў распаўсюджвае інфармацыю з мэтай дыскрэдытаваць дзеяньні вайскоўцаў РФ ва Ўкраіне.