Папярэдні сэзон ва Ўкраіне завяршыць ня здолелі праз пачатак поўнамаштабнай вайны. Чэмпіёнам аб’явілі данецкі «Шахтар», які ішоў першым у турнірнай табліцы на той момант. Апоўдні 23 жніўня на найбуйнейшым украінскім стадыёне НСК «Алімпійскі» пачнецца новы турнір, у стартавым матчы згуляюць каманды з гарадоў, якія моцна пацярпелі ад расейскіх войскаў — той самы «Шахтар» з акупаванага Данецку і «Мэталіст-1925» з Харкава, які амаль штодня цярпіць ад расейскіх абстрэлаў.
Першы сымбалічны ўдар новага чэмпіянату Ўкраіны выканаў баец полку «Азоў» «Хрест», паранены падчас баёў у Бучы пад Кіевам.
Паводле старшыні Фэдэрацыі футболу Ўкраіны Андрэя Павелкі, пытаньне аб аднаўленьні футбольнага чэмпіянату ўзгаднілі ў пачатку чэрвеня на сустрэчы з прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім. Прэм’ер-лігу ў новым фармаце вырашылі правесьці пры пустых трыбунах і ў гарадах, далёкіх ад фронту. Гаворка ідзе пра Кіеў, сталічную вобласьць, а таксама заходнія рэгіёны, у прыватнасьці Львоўскую і Закарпацкую вобласьці.
Акрамя футбалістаў, трэнэраў і судзьдзяў на стадыёны дапускаюцца абмежаваная колькасьць журналістаў, пэрсанал клюбаў, паліцыя, ратавальнікі і мэдыцынскія службы. Апэратары спартовых збудаваньняў абавязаныя мець плян эвакуацыі і падрыхтаваць сховішча, якое мусіць разьмяшчацца на адлегласьці ня больш за 500 м ад стадыёнаў і зьмяшчаць поўны склад удзельнікаў матчу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Барусія» з Дортмунду дапаможа аднавіць разбомблены расейцамі стадыён у ЧарнігавеУ чэмпіянаце Ўкраіны сёлета возьмуць удзел 16 камандаў. Найбольшыя зьмены закранулі два самыя заможныя клюбы, якія ўсю незалежную гісторыю краіны вызначалі лёс чэмпіёнства — кіеўскае «Дынама» і данецкі «Шахтар». У іх складах заўсёды было шмат замежных гульцоў, аднак праз вайну ў «Шахтары» засталіся два іншаземцы, а ў «Дынама» — адзін.
Паколькі гледачы ня змогуць наведваць матчы, ім застанецца толькі глядзець футбольныя сустрэчы па тэлевізары. Упершыню ва ўкраінскага чэмпіянату зьявіўся адзіны вяшчальнік — ім будзе ірляндзкая кампанія Setanta Sports, якая заключыла з украінскай Прэм’ер-лігай кантракт на 16,2 млн даляраў. Канал ужо некалькі гадоў меў футбольныя трансьляцыі ў тым ліку на ўкраінскай мове, таму гэта ня будзе першым досьведам Setanta Sports ва Ўкраіне.
Аднак ня ўсе пагадзіліся з платнымі паказамі футболу, матчы кіеўскага «Дынама» будзе трансьляваць канал 2+2, альтэрнатыву шукаюць таксама луганская «Зара», дніпроўскі «Дніпро-1» і львоўскі «Рух».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Чэмпіянат Украіны ў футболе адновяць у жніўні, але шэраг клюбаў прыпынілі існаваньне праз вайнуУ час вайны расейскія войскі прычынілі істотную шкоду стадыёнам у Чарнігаве, Мікалаеве і некаторых іншых украінскіх гарадах. Шэраг клюбаў праз акупацыю часова прыпыніў сваё існаваньне, у тым ліку такія вядомыя, як «Марыюпаль» і херсонскі «Крыстал».
За папярэднія 30 чэмпіянатаў, праведзеных з моманту здабыцьця Ўкраінай незалежнасьці, залатыя мэдалі заваёўвалі толькі тры клюбы — «Таўрыя» (Сімферопаль) перамагла ў самым першым чэмпіянаце ў 1992 годзе, а далей чэмпіёнамі былі толькі два клюбы. 16 разоў тытул заваёўвала кіеўскае «Дынама» і 13 разоў — данецкі «Шахтар».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.