Разбурэньні ў Чарнігаве пасьля расейскіх артылерыйскіх абстрэлаў, сакавік 2022 г.
Адзін з найпапулярнейшых клюбаў Нямеччыны заявіў пра гатоўнасьць дапамагаць у аднаўленьні стадыёна, які моцна пацярпеў ад расейскай артылерыі.
Пра жаданьне клюбу зь Нямеччыны і самой дзяржавы ўдзельнічаць у аднаўленьні стадыёна імя Юрыя Гагарына ў Чарнігаве напісаў у фэйсбуку міністар культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны Аляксандар Ткачэнка.
«Завяршыліся перамовы з Кляўдыяй Рот, дзяржаўным міністрам культуры і СМІ Ўпраўленьня фэдэральнага канцлера. Важныя навіны. Мы са свайго боку прыцягваем да дыялёгу мэра Ўладзіслава Атрошанку і спадзяёмся, што гэтую цудоўную навіну змогуць падтрымаць чарнігаўцы».
Раней у Дортмундзе выступаў нападнік зборнай Украіны Андрэй Ярмоленка, які нарадзіўся ў Чарнігаве.
Акрамя таго, «Барусія» паведаміла, што 26 красавіка правядзе таварыскі матч з кіеўскім «Дынама» дзеля збору грошай на дапамогу ўкраінскім уцекачам.
Стадыён імя Гагарына ў Чарнігаве быў адкрыты ў 1936 годзе. У апошнія гады ён прымаў матчы чарнігаўскага клюбу «Дзясна» і жаночай нацыянальнай зборнай Украіны, зьмяшчаў звыш 12 тысяч гледачоў.
Таксама Ткачэнка адзначыў, што Нямеччына падкрэсьліла важнасьць пераносу 45-й сэсіі Камітэту Сусьветнай спадчыны UNESCO з расейскай Казані. Абмяркоўвалася ініцыятыва ўключэньня гістарычнай часткі Адэсы ў сьпіс сусьветнай спадчыны. У сваю чаргу ён прапанаваў нямецкім калегам дапамагчы Ўкраіне ў падрыхтоўцы дасье для вылучэньня кандыдатаў.