Politico: Дзярждэпартамэнт ЗША асьцерагаецца прызнаваць Расею спонсарам тэрарызму праз пагадненьне аб вывазе збожжа

У вэстыбюлі Дзярждэпартамэнту ЗША

Дзярждэпартамэнт ЗША баіцца ўключэньня Расеі ў сьпіс краін – спонсараў тэрарызму, бо гэта можа паставіць пад пагрозу пагадненьне аб вывазе збожжа і кукурузы з украінскіх чарнаморскіх партоў.

Пра гэта паведамляе выданьне Politico са спасылкай на крыніцы ў амэрыканскім замежнапалітычным ведамстве.

У Дзярждэпартамэнце перакананыя, што «няма ніякай гарантыі», што Расея працягне выконваць узятыя на сябе ў рамках угоды абавязаньні.

Паводле дадзеных выданьня, у апошнія дні некалькі супрацоўнікаў Дзярждэпартамэнту паведамілі пра свае асьцярогі амэрыканскім кангрэсмэнам, якім трэба будзе прыняць рашэньне ў гэтым пытаньні. Сэнат падтрымаў гэтую ініцыятыву ў канцы ліпеня, Кангрэс ужо падрыхтаваў адпаведны законапраект. МЗС Расеі заявіла, што гэта прывядзе да разрыву адносін паміж дзьвюма краінамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: адміністрацыя Байдэна рыхтуе новы пакет абароннай дапамогі Ўкраіне

Акрамя таго, унясеньне ў сьпіс краін – спонсараў тэрарызму пацягне за сабой дадатковыя санкцыі. Гэта паўплывае, напрыклад, на супрацу па ядзерных матэрыялах, піша Politico.

Пры гэтым, як адзначаюць у Дзярждэпартамэнце, цяпер супраць Расеі ўжо і так уведзеныя жорсткія эканамічныя санкцыі, якія практычна супадаюць зь мерамі, якія прадугледжвае ўключэньне ў сьпіс краін – спонсараў тэрарызму.

Кіеў і некаторыя краіны Захаду заклікаюць Вашынгтон афіцыйна аднесьці Расею да краін, якія падтрымліваюць тэрарызм, з прычыны яе агрэсіі супраць Украіны. Цяпер ЗША лічаць такімі толькі чатыры дзяржавы сьвету: Кубу, Іран, Сырыю і Паўночную Карэю.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.