Ва Ўкраіне расказалі пра абстраляны зь Беларусі аб’ект. Расея актывізавала артылерыйскія ўдары па гарадах пасьля выбухаў у Крыме

Наступствы расейскай атакі на Мікалаеў

Пасьля выбухаў на складзе пад Джанкоем і авіябазе пад Сімферопалем у Крыме расейскія войскі актывізавалі абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. Ужо ў другой палавіне 16 жніўня па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны гучалі паветраныя трывогі.

Пад ракеты трапілі ня толькі Харкаўская, Мікалаеўская, Днепрапятроўская, Сумская, Чарнігаўская вобласьці, а і Жытомірская, якую апошні раз расейская авіяцыя абстраляла таксама з тэрыторыі Беларусі ў канцы чэрвеня.

Жытоміршчыну абстралялі расейскія самалёты з паветранай прасторы Беларусі

Паветранае камандаваньне «Цэнтар» удакладніла, што дзьве кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59 былі выпушчаныя з расейскіх бамбавікоў Су-34, якія на той момант знаходзіліся ў паветранай прасторы Беларусі.

Ракеты пацэлілі ў вайсковы аэрадром у ваколіцах Жытоміра і пашкодзілі ўзьлётна-пасадачную паласу і некалькі аўтамабіляў. Сярод асабовага складу ўкраінскага войска ахвяр няма — усе пасьпелі схавацца.

Напярэдадні сьпікер камандаваньня Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат заявіў, што Расея павялічыла колькасьць сваёй авіяцыі ўздоўж межаў Украіны — на розных аэрадромах Беларусі, Расеі і Крыму. У прыватнасьці, паводле яго, каля ўкраінскіх межаў знаходзіцца 360 баявых верталётаў. На пачатку вайны іх было 250.

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валер Залужны ў тэлефоннай размове з начальнікам штабу абароны Ўзброеных сіл Канады Вэйнам Дональдам Эйрам выказаў занепакоенасьць разьмяшчэньнем расейскіх ракетных сыстэм з боку Беларусі, у прыватнасьці на аэрадроме «Зябраўка» ў Гомельскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністар абароны Беларусі пра полк імя Каліноўскага: ваенную пагрозу «лякалізуем усімі сіламі і сродкамі»

Расейскія войскі працягваюць наступ па ўсёй лініі фронту

Паводле Залужнага, расейскія войскі штодзень робяць па 700-800 абстрэлаў украінскіх пазыцый, выкарыстоўваючы ад 40 да 60 тысяч боепрыпасаў.

Найперш Расея намагаецца выціснуць украінскія войскі з Данецкай вобласьці. Найбольш напружаная сытуацыя цяпер на кірунку Аўдзееўка — Пяскі — Мар’інка. Адначасова расейцы працягваюць тэрарызаваць абстрэламі Мікалаеў і Харкаў, а таксама Марганец і Нікапаль у Днепрапятроўскай вобласьці.

Новая атака на Затоку ў Адэскай вобласьці

У ноч на 17 жніўня Расея дзьвюма ракетамі Х-22 з самалётаў Ту-22 атакавала Затоку з акваторыі Чорнага мора. У выніку абстрэлу раненьні атрымалі чатыры мірныя жыхары, пашкоджана 7 будынкаў базы адпачынку і 15 лецішчаў.

У той жа час выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі паведаміла, што выбухі ў Крыме 16 жніўня прымусяць Расею перагледзець сытуацыю на поўдні ў сувязі з выбухамі на дзьвюх яе базах у Крыме, які зьяўляецца тылам расейскіх войскаў.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) перакананыя, што выбухі каля Джанкою і Гвардзейскага нанесьлі значную шкоду расейскім рэсурсам і сур’ёзна парушылі матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне Расеі.

У ISW паведамілі аб адсутнасьці доказаў выкарыстаньня амэрыканскага ўзбраеньня для атак на Крым, але ў выпадку, калі іх зьдзейсьніла Ўкраіна, гэта не пярэчыць яе абавязкам перад замежнымі партнэрамі, бо Крым зьяўляецца ўкраінскай тэрыторыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 17 жніўня: палітзьняволеную Прыгаву пакаралі калёніяй за надпіс «Путлер забойца, Лукаш памагаты. Слава Ўкраіне!»

Ва Ўкраіне пачалі разьвіваць ваенны турызм

Адна з грамадзкіх арганізацый распрацавала новыя турыстычныя туры. Турыстам у суправаджэньні прафэсійнага гіда прапануюць наведаць Бучу, Ірпень, Барадзянку і Гастомель, якія былі вызваленыя ад расейскай акупацыі і сталі цэнтрам катаваньняў і зьдзекаў з мірных жыхароў.

Цяпер гэтыя гарады найчасьцей наведваюць прадстаўнікі замежных дэлегацый, які прыяжджаюць ва Ўкраіну з афіцыйнымі візытамі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.