Навальны раскрытыкаваў заходнія санкцыі супраць расейскіх алігархаў, якія, паводле палітыка, закранулі «мізэрную частку карупцыянэраў»

На адным з дыстанцыйных судоў над Аляксеем Навальным

Палітык Аляксей Навальны, які адбывае тэрмін у калёніі строгага рэжыму ва Ўладзімірскай вобласьці, лічыць недастатковымі санкцыі, якія ўводзяцца краінамі Захаду ў дачыненьні да расейскіх высокапастаўленых чыноўнікаў і алігархаў, зьвязаных з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.

Некалькі пастоў на гэтую тэму апублікавалі ў твітэр-акаўнце апазыцыйнага палітыка.

Навальны лічыць, што пад санкцыі «пакуль трапіла мізэрная колькасьць алігархаў і карупцыянэраў». Ён адзначае ў сувязі з гэтым, што ў сьпісе Forbes 200 пазыцый, зь іх санкцыі ЭЗ, ЗША ці Вялікай Брытаніі закранулі ўсяго 46 чалавек: «На маю думку, гэта ня вельмі падобна на абвешчаную вайну супраць пуцінскіх алігархаў».

«Як толькі справа даходзіць да канкрэтнай працы, у нетрах выканаўчай улады ўсё рассыпаецца ў пыл. Проста нічога не адбываецца. Гучныя заявы лідэраў ёсьць, а рашэньні недзе затрымаюцца», — піша палітык.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Навальнаму прысудзілі 9 гадоў турмы і штраф

У якасьці прыкладаў Навальны прыводзіць, у прыватнасьці, кіраўніка «Газпрому» Аляксея Мілера, які ня трапіў пад санкцыі ЭЗ, і Рамана Абрамовіча, які ня трапіў пад санкцыі ЗША. Акрамя таго, ён зьвяртае ўвагу на кватэру дачкі Дзьмітрыя Пяскова Лізаветы ў Парыжы, якую яна перапісала на маці, і на яхту Дзьмітрыя Мядзьведзева, перапісаную на выпадковую фірму, як на прыклады адыходу ад санкцый з дапамогай пераафармленьня ўласнасьці на сваякоў ці намінальныя фірмы. Пры гэтым апазыцыянэр таксама згадвае Уладзіміра Патаніна.

«Нумар два ў сьпісе „Форбс“ не пад санкцыямі. Алігарх Патанін усхваляе Пуціна публічна. Бравіруе тым, што санкцыі яму хоць бы што», — піша Аляксей Навальны аб прэзыдэнце «Интерроса» і кіраўніку праўленьня «Норникеля».

Вядома, што ў канцы чэрвеня санкцыі супраць мільярдэра ўвяла Вялікая Брытанія з фармулёўкай, што «Патанін працягвае назапашваць багацьце, падтрымліваючы рэжым Пуціна, набываючы „Росбанк“ і долі ў „Тинькофф Банку“ пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну».

  • Пасьля таго, як Расея ў канцы лютага напала на Ўкраіну, ЗША, Вялікая Брытанія, Эўразьвяз і шэраг іншых краіны ўвялі некалькі пакетаў санкцый супраць расейскай эканомікі, фінансавай сыстэмы, буйных кампаній, алігархаў, палітыкаў, у тым ліку прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, а таксама чальцоў яго сям’і і найбліжэйшага атачэньня.
  • Абмежаваньні былі накладзеныя на аб’екты дарагой нерухомасьці, супэр’яхты і самалёты, якія належаць некалькім мільярдэрам. Расея ўводзіць санкцыі ў адказ, падкрэсьліваючы, што «ваенная спэцапэрацыя» ва Ўкраіне, як Масква называе ўварваньне, зьвязана з абаронай нацыянальных інтарэсаў.
  • Аляксей Навальны знаходзіцца ў зьняволеньні з таго часу, як вярнуўся ў Расею зь Нямеччыны, дзе лячыўся пасьля атручэньня «Навічком». Яму спачатку замянілі на рэальны ўмоўны тэрмін у справе «Іў Рашэ», а затым судзілі ў справе аб паклёпе на вэтэрана (у ёй аштрафавалі) і ў справе аб махлярстве і абразе судзьдзі (прысудзілі 9 гадоў калёніі строгага рэжыму).
  • Структуры, створаныя палітыкам у Расеі (штабы Навальнага і Фонд барацьбы з карупцыяй), прызнаны экстрэмісцкімі арганізацыямі, за ўдзел у іх паплечнікаў палітыка затрымліваюць і судзяць задняй датай.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.