У сакавіку ў Беларусь вывезьлі некалькі дзясяткаў украінцаў з часова акупаваных Іванкава і Гастомеля Кіеўскай вобласьці. Сярод іх аказаліся Галіна Гануліч і ўкраінскі валянтэр Уладзімір Храпун. Яны расказалі выданьню DW свае гісторыі.
«Прапанавалі застацца, працаваць у сельскай мясцовасьці»
Галіна Гануліч жыла ў ваенным гарадку пад Гастомелем. Па словах 63-гадовай жанчыны, бамбаваць навакольлі пачалі ў першы дзень вайны, потым мястэчка занялі «кадыраўцы». Тры тыдні Гануліч правяла ў падвале. Неўзабаве яе хата згарэла, людзям прыйшлося перабрацца ў склеп суседняга інтэрната.
Жанчына расказала, што праз пару тыдняў пасьля пачатку вайны на зьмену «кадыраўцам» прыйшлі «рускія».
«Рускія казалі, што будуць раўняць мястэчка зь зямлёй, што тут ня будзе ніводнага дома. Калі я пабачыла, як гараць і разбураюцца будынкі, я зразумела: да гэтага ідзе, трэба сыходзіць», — расказала Галіна Гануліч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Расею вывезьлі звыш 1,5 мільёна грамадзян Украіны. Эвакуацыя ці прымусовая дэпартацыя?Галіна пагадзілася выехаць у Беларусь, але, паводле яе, гэта была добраахвотна-прымусовая эвакуацыя:
«Я не зьбіралася ехаць у Беларусь, баялася, што адтуль нас не выпусьцяць».
Па словах жанчыны, іх давезьлі да мяжы, потым пераправілі цераз раку. У якім населеным пункце яны аказаліся, Галіна ня ведае.
«Там стаялі палаткі. Нас высадзілі, праверылі дакумэнты, адзін зь беларускіх вайскоўцаў невядома навошта сфатаграфаваў нашы пашпарты. У гэтай абстаноўцы чалавек становіцца вельмі залежным, нічога не вырашае, — адзначае Галіна. — Потым нас напаілі гарбатай, я змагла патэлефанаваць дзецям, сказаць, што я жывая».
Украінцаў, паводле слоў Галіны, сустракалі прадстаўнікі Беларускага Чырвонага Крыжа, уцекачоў пасялілі ў санаторый «Чонкі» у Гомельскім раёне.
«Умовы былі добрыя. Трохразовае харчаваньне, душ у нумары, але самае галоўнае — не было выбухаў. Думаю, што беларусы вельмі спачуваюць украінцам, яны прыносілі рэчы, ежу, корм жывёлам, — расказвае жанчына. — Нам прапаноўвалі застацца ў Беларусі, працу ў сельскай мясцовасьці. Казалі, што, магчыма, Польшча закрые мяжу».
Аднак Галіна вырашыла зьехаць: спачатку — у Польшчу, потым — да дачкі ў Бразылію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Кіеве просяць украінцаў, якіх прымусова вывезьлі ў Беларусь, выйсьці на сувязь«У памяшканьне загналі прыкладна чалавек 30-40»
Валянтэра Чырвонага Крыжа Ўладзіміра Храпуна расейскія вайскоўцы затрымалі 19 сакавіка непадалёк ад Кіева.
«Мы вывозілі людзей у бясьпечныя месцы. На адным з блёкпастоў мяне затрымалі, таму што я распавёў расейцам праўду аб тым, што яны робяць. Ім, напэўна, гэта не спадабалася», — успамінае Ўладзімір.
На шэсьць дзён яго зьмясьцілі ў падвал бяз вокнаў. Паводле мужчыны, палонныя спалі на бэтоннай падлозе, іх зьбівалі і зьневажалі, ежу давалі раз на дзень. Потым Уладзіміра перавезьлі ў Гастомель, адтуль — у Беларусь. Па словах валянтэра, ён апынуўся ў Нароўлі Гомельскай вобласьці.
«Там быў вялікі аэрадром, шмат вэрталётаў. Нас пасялілі ці то ў ангар, ці то ў нейкі калгасны склад, загналі чалавек 30-40 прыкладна, — успамінае Ўладзімір. — У памяшканьні былі ўсталяваныя лежакі. Нас туды даставілі пасьля абеду, бліжэй да вечара пачалі афармляць (выдавалі „пасьведчаньні асобы“, у якіх было напісана, што палонныя „аказвалі супрацьдзеяньне спэцыяльнай ваеннай апэрацыі“. — Рэд.). У Беларусі я прабыў менш за суткі, адтуль этапавалі ў Расею, у Навазыбкаў Бранскай вобласьці».
Да 7 красавіка валянтэр прабыў у расейскім СІЗА, дзе палонных катавалі і зьбівалі, потым яго этапавалі ў Крым, дзе праз пару дзён адбыўся абмен ваеннапалоннымі, некалькіх цывільных, у тым ліку і Ўладзіміра, вызвалілі, як ён сам гэта называе, «бонусам».
У палоне Храпун пазнаёміўся з расейцам з маскоўскай прапіскай і беларусам.
«Яны былі з Ірпеня ці Бучы, нас аб’ядналі ў Нароўлі. Іх ня вызвалілі, што зь імі адбылося далей, ня ведаю», — кажа Ўладзімір.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ад чаго залежыць стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў? Адказвае ўкраінскі сацыёлягГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Рэакцыя беларусаў на вайну адрозьніваецца ад рэакцыі і ўкраінцаў, і расейцаў. Сацыёлягі патлумачылі цікавую зьявуВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.