ЗША вылучаць для Ўкраіны $89 мільёнаў на абясшкоджваньне расейскіх мінаў

Папераджальная таблічка аб мінным полі. Ілюстрацыйная выява

Паводле Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, з канца сакавіка Ўзброеныя сілы Ўкраіны абясшкодзілі каля 160 тыс. мінаў, аднак закладзеныя расейцамі выбуховыя прылады ўсё яшчэ пагражаюць жыцьцям каля 5 мільёнаў украінцаў.

ЗША 9 жніўня абвясьцілі пра вылучэньне Ўкраіне 89 мільёнаў даляраў на абясшкоджваньне мінаў, закладзеных на тэрыторыі краіны расейскімі войскамі.

Грошы пойдуць на падтрымку ста сапэрных камандаў, а таксама на навучаньне і рыштунак дадатковага ўкраінскага пэрсаналу для выкананьня рызыкоўных работ на прыкладна 16 мільёнах гектараў тэрыторыі, якую, паводле Кіева, замінавалі расейскія вайскоўцы.

«Незаконнае і нічым не справакаванае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну прывяло да таго, што вялізныя тэрыторыі краіны аказаліся ўсеяныя наземнымі мінамі, якія не разарваліся, боепрыпасамі і самаробнымі выбуховымі прыладамі», — гаворыцца ў заяве Дзяржаўнага дэпартамэнту.

Таксама адзначаецца, што выбуховыя прадметы блякуюць доступ да ўрадлівых сельскагаспадарчых угодзьдзяў, затрымліваюць аднаўленьне, не дазваляюць украінцам вярнуцца ў дамы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сабака Патрон, які дапамагае ўкраінскім сапэрам, атрымаў прэмію Канскага кінафэстывалю

Расейскія вайскоўцы, якія ўварваліся ва Ўкраіну 24 лютага, пакінулі шмат мінаў і іншых выбуховых прыладаў пасьля таго, як мусілі пакінуць поўнач Украіны ў выніку правалу першага этапу «спэцапэрацыі», як у Маскве называюць ваенную агрэсію супраць суседняй краіны, адзначае «Голас Амэрыкі» з спасыкай на Agence France-Presse.

Пасьля сябе расейцы пакінулі міны, схаваныя ў самых розных месцах: на складах харчовых прадуктаў, у багажніках аўтамабіляў, пральных машынах, дзьвярных прахонах, на шпітальных ложках і нават у целах людзей, якія загінулі падчас баявых дзеяньняў, заявілі ў Дзяржаўным дэпартамэнце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ляжыць мэтраў за сем ад маіх вокнаў!» Расейскія войскі скінулі на Харкаў міны запаволенага дзеяньня, яны выбухаюць самаадвольна

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.