У Кіеве заклікалі іншаземцаў пры плянаваньні паездак ва Ўкраіну ўлічваць умовы небясьпекі з прычыны вайны

На беларуска-ўкраінскім памежжы

У Міністэрстве ўнутраных спраў Украіны расказалі пра ўмовы ўезду грамадзян замежных краін на ўкраінскую тэрыторыю, а таксама заклікалі пры плянаваньні паездак улічваць рызыкі небясьпекі праз паўнамаштабную вайну Расеі ва Ўкраіне.

«Расея працягвае абстрэльваць цывільную інфраструктуру. Зараз не абаронены, па сутнасьці, ніводзін рэгіён Украіны, таму гарантаваць умовы бясьпечнага знаходжаньня цяпер надзвычай цяжка. І мы просім іншаземцаў узважваць гэтыя рызыкі і зразумець, што стварыць бясьпечныя ўмовы знаходжаньня на тэрыторыі нашай дзяржавы мы ня можам», — сказала сьпікер МУС Украіны Алёна Мацьвеева 9 жніўня на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле яе, кожны грамадзянін, у першую чаргу, сам павінен адказваць за сваю бясьпеку і ўхваляць рашэньне аб наведваньні Ўкраіны з улікам усіх рызыкаў, што існуюць у дзяржаве, у якой дзейнічае ваеннае становішча.

Алёна Мацьвеева зьвярнула ўвагу на тое, што ўсе грамадзяне замежных краін, як і грамадзяне Ўкраіны, павінны выконваць патрабаваньні камэнданцкай гадзіны, а таксама паветраных трывог.

У той жа час, паводле яе, абмежаваньняў для ўезду іншаземцаў на тэрыторыю Ўкраіны няма, але ёсьць пэўныя ўмовы праверкі дакумэнтаў і надгляду пры перасячэньні ўкраінскай мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Пасьля сёньняшняй ночы з 20 ракетамі нашым нікому нічога не дадуць». Беларусы ва Ўкраіне па-ранейшаму маюць праблемы зь легалізацыяй

У прыватнасьці, грамадзянін замежнай краіны павінен мець сапраўдны пашпарт, візу (у выпадку візавага рэжыму з краінай грамадзянства), пацьвярджэньне мэты паездкі, дастатковую колькасьць грошай для знаходжаньня ва Ўкраіне, а таксама адсутнасьць рашэньня ўкраінскіх упаўнаважаных органаў аб забароне на ўезд ва Ўкраіну.

Паводле сьпікера МУС Украіны, на мяжы можа быць праведзены як павярхоўны, так і паглыблены надгляд грамадзян, іхных рэчаў і аўтамабіля.

Рашэньне аб дадатковым надглядзе ўхваляецца на падставе наступных прыкмет:

  • калі грамадзян падобны да асобы, якая знаходзіцца ў вышуку, або да чалавека, які зьнік бязь вестак;
  • калі ёсьць дастаткова падстаў лічыць, што грамадзянін учыніў або мае намер учыніць правапарушэньне;
  • калі грамадзянін мае намер знаходзіцца на аб’екце з спэцыяльным рэжымам;
  • пры наяўнасьці зброі, боепрыпасаў, наркотыкаў, або падстаў лічыць, што яны могуць быць у грамадзяніна;
  • калі асоба знаходзілася на месцы ўчыненьня крымінальнага ці адміністрацыйнага правапарушэньня;
  • калі на аўтамабілі грамадзяніна ёсьць зьнешнія прыкметы таго, што было зьдзейсьнена ДТП;
  • калі ёсьць інфармацыя, што грамадзянін парушаў забароны, уведзеныя ва Ўкраіне ў часе ваеннага становішча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне заявілі аб стварэньні «надзейнай абароны» ў паўночнай апэрацыйнай зоне, з боку Беларусі

Алёна Мацьвеева дадала, што на мяжы грамадзяніна замежнай краіны могуць затрымаць на пэрыяд ад трох гадзін да трох сутак. Гэта адбываецца пры наступных умовах:

  • калі іншаземец парушыў правілы ўезду на тэрыторыю Ўкраіны і наведваў часова акупаваныя Расеяй украінскія населеныя пункты;
  • калі грамадзянін злосна не падпарадкоўваўся распараджэньням вайскоўцаў ці прадстаўнікоў іншых сілавых структур;
  • калі грамадзянін ня мае дастатковых дакумэнтаў, неабходных для ўезду ва Ўкраіну.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.