Ва ўкраінскім Роўне зьявілася вуліца імя Кастуся Каліноўскага
Ваяры палку Каліноўскага і сакратар Ровенскай гарадзкой рады Віктар Шакірзян
Да перайменаваньня вуліца называлася Віцебскай, паведамляе полк імя Кастуся Каліноўскага.
«Упэўнены, сяброўства паміж нашым горадам і беларускімі добраахвотнікамі з кожным днём будзе ўсё мацнейшае, бо, нагадаю, адна з вуліц Роўна нядаўна атрымала такую ж назву, як і гэтае добраахвотніцкае падразьдзяленьне — імя змагара за свабоду Беларусі ад расейскіх акупантаў Кастуся Каліноўскага!» — напісаў у фэйсбуку сакратар Ровенскай гарадзкой рады Віктар Шакірзян.
Віктар Шакірзян і дабраахвотнік Дзяніс «Кіт»
На запрашэньне Шакірзяна байцы палку Каліноўскага прынялі ўдзел ва ўрачыстасьці ў гонар перайменаваньня вуліцы.
З пачаткам поўнамаштабнага вайсковага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну актывізавалася дэрусыфікацыя і дэкамунізацыя ўкраінскай інфармацыйнай і культурнай прасторы. Зносяць помнікі расейскім палітыкам і дзеячам культуры, мяняюць тапонімы, зьвязаныя з Расеяй, расейскамоўныя ўкраінцы пераходзяць на ўкраінскую мову.
Пад перайменаваньне трапілі і назвы, якія маюць беларускае паходжаньне, бо ўлады Беларусі падтрымалі расейскую агрэсію.
У красавіку ў Кіеве прапанавалі перайменаваць 279 аб’ектаў, назвы якіх зьвязаныя з Расеяй і Беларусьсю. Намесьнік мэра гораду Ўладзімір Бандарэнка адзначыў, што трэба «назаўсёды пазбавіцца ад тапонімаў, зьвязаных з краінай-агрэсарам і яе сатэлітам, а таксама завяршыць працэс дэрусыфікацыі ў сталіцы».
У канцы чэрвеня Кіеўская гарадзкая рада абнародавала вынікі галасаваньня аб перайменаваньні вуліц Кіева, назвы якіх зьвязаныя з Расеяй і Беларусьсю. Згодна з вынікамі, кіяўляне падтрымалі перайменаваньне адразу дзьвюх вуліц — Астраханскай і Берасьцейскай — у гонар лідэра паўстаньня 1863–1864 гадоў Кастуся Каліноўскага. Якая зь іх атрымае гэтае імя, канчаткова вызначаць дэпутаты Кіеўскай гарадзкой рады.
Вуліца Дабралюбава, паводле галасаваньня, мусіць быць перайменаваная ў гонар беларускага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча.