Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве галасуюць за перайменаваньне тапонімаў, сярод прапаноў ёсьць вуліцы Караткевіча, Каліноўскага і Скарыны


Пратэставы плякат з цытатай Уладзімера Караткевіча
Пратэставы плякат з цытатай Уладзімера Караткевіча

Ідэя перайменаваньня вуліцы Дабралюбава ў Кіеве ў гонар беларускага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча, якую ўхвалілі экспэрты Кіеўскай гарадзкой рады, належыць украінскаму літаратару Вячаславу Лявіцкаму.

Украінскі літаратар Вячаслаў Лявіцкі гэтак пракамэнтаваў сваю ідэю і вылучэньне кандыдатуры беларускага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча на найменаваньне вуліцы:

«Караткевіч — выпускнік Кіеўскага унівэрсытэту, любіў сталіцу Ўкраіны і пісаў пра яе больш выразна, чуйна і больш этычна, чым большасьць іншых урбаністаў».

Як паведаміў Лявіцкі, камісія падтрымала прапанову. Тэлеграм-канал By_culture паведамляе, што ў рэкамэндацыях экспэртнай камісіі ёсьць і іншыя вядомыя беларусы.

Так, вуліцы Брестська і Астраханська могуць быць пераназваныя ў гонар беларускага першадрукара Францішка Скарыны ці нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага.

Народнае галасаваньне ўжо ідзе. Аддаць голас можна праз аплікацыю «Київ Цифровий» (App Store, Google Play). Узяць удзел могуць тыя, у каго ёсьць украінскі нумар і электронны подпіс.

З пачаткам поўнамаштабнага вайсковага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну актывізаваўся працэс дэрусыфікацыі і дэкамунізацыі краіны. Актыўна зносяцца помнікі расейскім палітыкам і дзеячам культуры, мяняюцца тапонімы, зьвязаныя з Расеяй, частка расейскамоўных украінцаў пераходзіць на ўкраінскую мову.

Пад перайменаваньне папалі і назвы, якія маюць беларускае паходжаньне, бо ўлады Беларусі патрымалі расейскую агрэсію.

У красавіку ў Кіеве прапанавалі перайменаваць 279 аб’ектаў, назвы якіх зьвязаныя з Расеяй і Беларусьсю. Намесьнік мэра гораду Ўладзімір Бандарэнка адзначыў, што трэба «назаўжды пазбавіцца ад тапонімаў, зьвязаных з краінай-агрэсарам і яе сатэлітам, а таксама завяршыць працэс дэрусыфікацыі ў сталіцы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG