Украінскія войскі вызвалілі 46 населеных пунктаў на Херсоншчыне. Расея перакідвае войскі на поўдзень

Мітынгу супраць расейскай акупацыі ў Хэрсоне, 20 сакавіка 2022 года. Ілюстрацыйнае фота

У ноч з 1 на 2 жніўня паветраную трывогу абвяшчалі ў Мікалаеўскай, Днепрапятроўскай, Запароскай, Харкаўскай, Сумскай, Адэскай і Кіраваградзкай абласьцях. Ад абстрэлаў найбольш пацярпеў Мікалаеў.

Расейцы мэтанакіравана зьнішчаюць сацыяльны сэктар, энэргетычную і транспартную інфраструктуру.

Міжнародныя экспэрты не выключаюць, што з прычыны магчымасьці контратакі ўкраінскага войска на Херсоншчыне Расея пачала актыўна перакідваць свае войскі з Данбасу на поўдзень, каб абараніць ужо занятыя пазыцыі.

Тым часам украінскае вайсковае кіраўніцтва паведаміла аб атрыманьні яшчэ чатырох далёкабойных амэрыканскіх установак HIMARS, пры дапамозе якіх усё больш зьнішчаюць апорныя пункты расейскіх войскаў і склады з боепрыпасамі на акупаваных тэрыторыях.

На Херсоншчыне — актыўныя баявыя дзеяньні

Улада Херсонскай вобласьці паведаміла аб вызваленьні ўкраінскімі войскамі 46 населеных пунктаў, якія знаходзяцца на мяжы з Днепрапятроўскай і Мікалаеўскай абласьцямі.

Некаторыя вёскі ў гэтым рэгіёне зруйнаваныя на 90 адсоткаў. Разбураны дарогі, масты, зьнішчаны энэргасеткі, а таксама вода- і газазабесьпячэньне, шмат згарэлых палеткаў і экасыстэм.

Апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень» паведаміла, што расейцы тройчы атакавалі сваёй авіяцыяй пазыцыі ўкраінскага войска ў Берыслаўскім і Кахоўскім раёне, але беспасьпяхова. У адказ паветраныя сілы Ўкраіны нанесьлі ўдары па апорных пунктах расейцаў у раёне Аляксандраўкі і Максімаўкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дзякуючы амэрыканскім комплексам HIMARS украінцы зьнішчылі каля 50 расейскіх складоў з боепрыпасамі

Мікалаеў абстрэльваюць са «Сьмерчаў» і С-300

Расейцы абстрэльваюць Мікалаеў у адзін і той жа час — а чацьвёртай раніцы. Некалькі ракет упалі на інтэрнат аднаго зь мікалаеўскіх унівэрсытэтаў, пры гэтым паранены ахоўнік.

Ад пачатку расейскага ўварваньня ў абласным цэнтры пашкоджана 680 прыватных будынкаў, 69 зь якіх ужо немагчыма аднавіць, пацярпела і каля 500 шматпавярховых жылых дамоў.

Расейцы працягваюць актыўны агонь па Мікалаеўскім і Баштанскім раёне, у якіх ад начных абстрэлаў пацярпелі жылыя памяшканьні, гаспадарчыя пабудовы, а таксама лініі электраперадач.

Нікапаль на Днепрапятроўшчыне другі дзень без абстрэлаў

У Днепрапятроўскай вобласьці расейская армія трымала пад прыцэлам два раёны — Сінельнікаўскі і Крывароскі, дзе зафіксавалі руйнаваньне жытла і аўтамабіляў мясцовых жыхароў. Адна зь вёсак Крывароскага раёну засталася без электраэнэргіі, бо расейцы перабілі лінію электраперадач.

Улады сьцьвярджаюць, што ахвяр сярод жыхароў няма.

У Харкаўскай вобласьці пад абстрэлам толькі цывільныя аб’екты

У Харкаве мінулай ноччу ці не ўпершыню было ціха, але зь Белгарадзкай вобласьці расейцы інтэнсіўна абстрэльвалі Чугуеўскі раён, які знаходзіцца за 40 кілямэтраў ад абласнога цэнтру. Зьнішчаны завод, гаражны каапэратыў і аўтамабілі.

Адначасова ўдары наносіліся яшчэ па трох раёнах «залатога поясу» Харкава — Харкаўскім, Багадухаўскім і Ізюмскім. Снарады зьнішчылі гатэльны комплекс, хвойныя пасаадкі; ад абстрэлаў пацярпела мясцовая фэрмэрская гаспадарка.

На лініі сутыкненьня ідуць баявыя дзеяньні — расейцы спрабавалі прасунуцца бліжэй да Харкава, але вымушаны былі адысьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскае войска каля Херсону пашкодзіла мост цераз Дняпро, важны для тылавога забесьпячэньня расейцаў

У Луганскай і Данецкай абласьцях — баявыя дзеяньні і абстрэлы пазыцый

Найбольш актыўныя супрацьстаяньне адбываецца ў кірунку Бахмуту і Краматорску. Расея разам з артылерыйскімі ўстаноўкамі выкарыстоўвае баявую авіяцыю.

Улады Луганскай вобласьці сьцьвярджаюць, што, нягледзячы на шматлікія спробы, расейскія войскі так і не змаглі дагэтуль цалкам захапіць рэгіён і выйсьці на ягоныя адміністрацыйныя межы.

На Данеччыне населеныя пункты абстрэльваюць зь мінамётаў, «Ураганаў» і «Градаў». Сярод найбольш пацярпелых гарадоў — Аўдзееўка, Бахмут, Каснагораўка, Салядар і Сіверск. Улады паведамляюць пра гібель трох мірных жыхароў, яшчэ трое атрымалі раненьні.

Міжнародныя экспэрты мяркуюць, што неўзабаве расейцы могуць на пэўны час спыніць свае дзеяньні пад Славянскам. Амэрыканскі інстытут вывучэньня вайны зьвязвае гэта з тым, што Расея адчула сваю ўразьлівасьць на паўднёвым кірунку Ўкраіны — у Запароскай і Херсонскай абласьцях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У новую дапамогу Ўкраіне ўключылі боепрыпасы для ўстановак HIMARS, новы пакет каштуе 550 млн даляраў

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.