Украіна аднавіла пастаўкі нафтапрадуктаў пасьля дэфіцыту, выкліканага бамбаваньнем нафтабаз і спыненьнем імпарту зь Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

Украіна ў студзені—траўні 2022 году павялічыла пастаўкі мінэральнага паліва, нафты і нафтапрадуктаў на 24,8% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году, да 5,2 мільярда даляраў.

У той жа час, згодна з афіцыйнай статыстыкай, сёлета ў траўні Ўкраіна пакуль не змагла дасягнуць тэмпаў леташніх паставак нафтапрадуктаў у адпаведным месяцы. У траўні 2022-га Ўкраіна закупіла толькі 96,2% ад аб’ёму траўня 2021 году.

Дэфіцыт на рынку яшчэ застаецца

Аднак, нягледзячы на аднаўленьне паставак нафтапрадуктаў, дэфіцыт паліва ўсё яшчэ застаецца. Па-першае, з рынку ўвогуле зьнік бэнзін А-92, бо эўрапейскія заводы ўвогуле яго не выпускаюць.

Перабоі застаюцца і з забесьпячэньнем дызэльным палівам, бо яно найперш патрэбна для арміі, паколькі вядуцца актыўныя баявыя дзеяньні, і для аграрнага сэктару, бо пачынаецца збор новага ўраджаю.

Пры гэтым Украіна пакуль не змагла аднавіць зьнішчаныя Расеяй нафтабазы, у якіх захоўвалася паліва, і Крэменчуцкі НПЗ, які забясьпечваў 40% унутранага рынку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мінус адна АЭС, адна ГРЭС, тры ЦЭС і беларускае паліва. Як Украіна ва ўмовах вайны рыхтуецца да зімы

Што зрабіў урад, каб вырашыць праблему з палівам

Найперш урад Украіны дазволіў займацца ўвозам нафтапрадуктаў большай колькасьці юрыдычных асобаў. Раней пастаўкамі паліва ва Ўкраіну займаліся 67 кампаній, а цяпер 261 прадпрыемства.

Апроч таго, урад дазволіў часова выкарыстоўваць бэнзавозы клясы Эўра-3 і Эўра-4. Адначасова Ўкраіна дамовілася з 21 краінай аб допуску гэтага транспарту на сваю тэрыторыю.

Такім чынам, нягледзячы на складаную лягістыку, пастаўкі вуглевадародаў пачынаюць аднаўляцца па сушы, марскія ж пастаўкі праз Чорнае мора Расея заблякавала.

Усё паліва — з Эўропы

Міністар інфраструктуры Ўкраіны Аляксандар Кубракоў у інтэрвію ўкраінскаму выданьню «РБК-Украіна» паведаміў, што цяпер усё паліва завозіцца з рынку Эўразьвязу.

«Межы, колькасьць адзінак транспарту, бэнзавозаў, цыстэрнаў — усё гэта не было разьлічана на абслугоўваньне такой сыстэмы. Бо глябальна попыт ня зьнік, людзі вярнуліся ў краіну, пасяўная была, цяпер збор ураджаю. Так, эканоміка прасела, дзелавая актыўнасьць зьменшылася, але не ў разы, а нам трэба замясьціць сотні тысяч тон паліва імпартам. У самім Эўразьвязе таксама няпростая сытуацыя, паліва ня так проста знайсьці і яшчэ складаней знайсьці пад яго надзейную нармальную лягістычную канструкцыю, каб яно трапіла ва Ўкраіну», — паведаміў Аляксандар Кубракоў.

Паводле яго, дэфіцыт усё яшчэ захоўваецца, але цягам двух месяцаў рынак будзе насычаны неабходнай колькасьцю паліва.

«Цяпер сытуацыя на рынку дызэльнага паліва і звадкаванага газу супакоілася. Што да бэнзіну, я мяркую, што яшчэ патрэбна паўтара ці два месяцы, пакуль рынак насыціцца і сфармуе запас», — дадаў міністар.

Стала вядома, хто на рынку заменіць Беларусь

Беларусь у 2021 годзе стала найбуйнейшым пастаўшчыком дызэльнага паліва і бітуму ва Ўкраіну. Ад пачатку вайны Расеі Ўкраіна спыніла гандаль зь Беларусьсю. Украінскія пункты памежнага кантролю на мяжы зь Беларусьсю закрытыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіеве заявілі, што нафтапрадукты ў Беларусі і Расеі больш не набываюць. А як гандлявалі раней?

Цяпер лідэрам на ўкраінскім рынку стала Польшча. Яшчэ да вайны Ўкраіна пачала перамовы з польскай кампаніяй PKN Orlen, каб зьнізіць сваю паліўную залежнасьць ад Беларусі і Расеі.

21 ліпеня Міністэрства інфраструктуры Ўкраіны паведаміла, што Ўкраінская чыгунка падпісала з польскай PKN Orlen пагадненьне аб стратэгічнай супрацы ў пастаўках дызэльнага паліва для патрэбаў украінскай эканомікі.

«Мы разумеем, што вырашыць праблему нястачы паліва выключна сіламі бізнэсу вельмі складана. Таму разам з прэм’ер-міністрам Украіны Дзянісам Шмыгалём і ўрадавай камандай ухвалілі рашэньне аб залучэньні на ўкраінскі рынак вялікіх нафтавых кампаній і падпісаньні зь імі беспасярэдніх доўгатэрміновых пагадненьняў», — паведаміў міністар інфраструктуры Ўкраіны Аляксандар Кубракоў.

Урад Украіны ў жніўні 2021 году заявіў аб намерах пашырыць супрацу з найбуйнейшым у Эўропе польскім нафтавым канцэрнам ORLEN для дывэрсыфікацыі паставак энэргарэсурсаў і ўзмацненьня энэргетычнай бясьпекі Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна знайшла замену беларускім нафтапрадуктам? Што ў Кіеве кажуць пра перамовы з польскім канцэрнам ORLEN

Прычынай для пачатку перамоў сталі заявы Расеі і Беларусі аб магчымым абмежаваньні паставак нафтапрадуктаў ва Ўкраіну.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.