Дылер МАЗ ва Ўкраіне праз суд скасаваў арышт сваіх рахункаў

Аўтобус МАЗ, ілюстрацыйнае фота

Кампанія «АвтоМАЗ-Україна», актывы і маёмасьць якой арыштавалі ва Ўкраіне ў траўні паводле падазрэньня ў «фінансаваньні расейскай агрэсіі», праз суд дабілася скасаваньня арышту на свае рахункі ў двух украінскіх банках — «Альфа-Банк» і «Приватбанк».

«АвтоМАЗ-Україна» — даччыная кампанія менскай фірмы ТАА «ГЕС», што належыць грамадзяніну Расеі Васілю Сьмятаніну. Праўда, у верасьні 2019 году беларускае прадпрыемства было выдаленае са складу бэнэфіцыярных уласьнікаў, але, як і раней, застаецца заснавальнікам «АвтоМАЗ-Україна». Менавіта гэтае прадпрыемства ўдзельнічала ў тэндэрах на пастаўку ва Ўкраіну беларускага пасажырскага транспарту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне арыштавалі маёмасьць беларускіх і расейскіх кампаній на 1 млрд даляраў

У сваім пазове ў суд прадпрыемства падкрэсьліла, што «сярод яго ўласьнікаў няма дзяржаўнай структуры, падкантрольнай ураду Беларусі, а на сёньня невядомыя факты дзейнасьці, якія могуць кваліфікавацца паводле арт.110-2, 191 КК Украіны» — фінансаваньне дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены або зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу або захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны, а таксама прысваеньне маёмасьці.

Кампанія адзначыла, што яна працягвае функцыянаваць і мае абавязкі па выплаце заробкаў калектыву, а таксама падаткаў і абавязковых плацяжоў у дзяржаўны бюджэт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіеве арыштавалі маёмасьць беларускіх і расейскіх кампаній на 270 млн даляраў

Як адзначаецца ў рашэньні суду, у кампаніі працуюць 144 супрацоўнікі, якім толькі за травень трэба выплаціць заробак у агульнай суме 2 019 165 грыўняў (амаль 60 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС), а таксама падаткі ў бюджэт у памеры 985 824 грыўні (амаль 30 тысяч даляраў).

Прадстаўнік кампаніі «АвтоМАЗ-Україна» пераконваў, што невыкананьне абавязкаў перад супрацоўнікамі, дзяржаўным бюджэтам і партнэрамі можа прывесьці да «нэгатыўнага грамадзкага рэзанансу, зьвязанага са зваротамі ў суд па прымусовае спагнаньне заробкаў і выкананьне абавязкаў перад суб’ектамі прадпрымальніцкай дзейнасьці — рэзыдэнтамі Ўкраіны».

Суд дазволіў скасаваць арышт рахункаў у двух банках, каб прадпрыемства магло выконваць свае фінансавыя абавязкі.

На пачатку ліпеня таксама стала вядома, што скасаваньня арышту на свае рахункі ў трох банках Украіны праз суд дабілася даччынае прадпрыемства «Беларуснафты» ва Ўкраіне «Сервіс Ойл».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскі суд зьняў арышт з рахункаў беларускай кампаніі «Сервіс Ойл» у трох банках Украіны

Падольская акруговая пракуратура Кіева арыштавала карпаратыўныя правы і тэхніку гэтай кампаніі ў чэрвені 2022 году паводле тых жа артыкулаў, што і кампаніі «АвтоМАЗ-Україна» — арт.110-2, 191 КК Украіны — фінансаваньне дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены або зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу або захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны, а таксама прысваеньне маёмасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Яшчэ да вайны вывелі актывы і прадалі тэхніку. Падрабязнасьці крымінальных спраў супраць беларускіх прадпрыемстваў ва Ўкраіне