Паводле апошняй інфармацыі Дзяржаўнай службы па надзвычайных сытуацыях Украіны па стане на 22.00:
- 23 чалавекі загінулі (у тым ліку трое дзяцей),
- 117 чалавек зьвярнуліся па мэдыцынскую дапамогу,
- шпіталізавана 66 чалавек, у тым ліку трое дзяцей, 34 зь іх знаходзяцца ў цяжкім стане, 5 чалавек — у крытычным стане,
- працягваюцца пошукі 39 чалавек, зь якімі няма сувязі.
Выбух адбыўся ў люднай цэнтральнай частцы гораду, дзе знаходзіцца жылая забудова. Па паведамленьні сьпікера камандаваньня паветраных сіл Юрыя Ігната, расейскія войскі выпусьцілі ракеты тыпу «Калібр» з падводнай лодкі з акваторыі Чорнага мора. Дзьве ракеты зьбіла ўкраінская СПА.
Наступствы ракетнага ўдару па Віньніцы
Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ігар Кліменка паведаміў, што тры расейскія ракеты трапілі ў будынак з офіснымі памяшканьнямі. Таксама часткова разбураны мэдычна-дыягнастычны цэнтар.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў абстрэл Віньніцы тэрарыстычным актам.
«Штодня Расея зьнішчае мірнае насельніцтва, забівае ўкраінскіх дзяцей, накіроўвае ракеты па цывільных аб’ектах, дзе няма нічога вайсковага. Што гэта, як не адкрыты тэрарыстычны акт?» — напісаў у тэлеграме Зяленскі.
Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр заявіла, што Расея канчаткова ператварылася ў дзяржаву-забойцу пасьля масаванага ўдару па Віньніцы, дзе загінулі ня менш як 20 мірных жыхароў, у тым ліку трое дзяцей.
«Расея працягвае ваяваць зь мірнымі ўкраінцамі і забіваць нашых дзяцей. Сёньняшні ўдар па Віньніцы — чарговы доказ генацыду ўкраінскага народу. Расея ў вачах усяго сьвету канчаткова ператварылася ў дзяржаву-забойцу, і такой дзяржаве няма месца ў нашым сьвеце ў XXI стагодзьдзі», — заявіла Ганна Маляр на брыфінгу ў Кіеве.
Віньніца, 14 ліпеня 2022
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Нелюдзі. Краіна-забойца»: Зяленскі аб ракетных ударах Расеі па Віньніцы. Ёсьць ахвяры і разбурэньніПаводле зьвестак паліцыі, у выніку ўдараў таксама пацярпеў Дом афіцэраў і бліжэйшыя жылыя дамы. Пачаўся пажар, згарэлі 25 аўтамабіляў. Вядома пра 20 забітых, у тым ліку траіх дзяцей. Канчатковая колькасьць ахвяр на гэты момант невядомая.
Расейская ракета трапіла ў цэнтар Віньніцы, 14 ліпеня 2022
Ад ракетнага абстрэлу пацярпела царква. Віньніца, 14 ліпеня 2022
Пасьля расейскага ракетнага ўдару па Віньніцы, 14 ліпеня 2022
Пасьля расейскага ракетнага ўдару па Віньніцы, 14 ліпеня 2022
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Паветраная трывога. Расея працягвае абстрэлы гарадоў Украіны, разбурае гатэлі, школы, жылыя дамыВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.