Кіеў: Паветраныя сілы Ўкраіны ня маюць зброі, каб зьнішчаць расейскую авіяцыю над тэрыторыяй Беларусі

Зьнішчаны расейскі верталёт ля вёскі Малы Роган пад Харкавам, Украіна, 13 траўня 2022 года

Паветраныя сілы Ўкраіны змогуць атакаваць расейскую авіяцыю, якая падымаецца ў паветра зь беларускіх аэрадромаў або выкарыстоўвае паветраную прастору Беларусі, толькі ў тым выпадку, калі яна будзе перамяшчацца над тэрыторыяй Украіны.

«Мы ня можам яе (авіяцыю) зьнішчаць над тэрыторыяй Беларусі. Гэта занадта далёка, каб мы яе дасталі», — сказаў сьпікер камандаваньня Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Якія населеныя пункты Беларусі могуць пацярпець ад украінскіх ракетных удараў па расейскіх аб’ектах. МАПЫ

Паводле яго слоў, расейская авіяцыя патрулюе памежжа з Украінай ад Беларусі да вострава Зьмяіны ў Чорным моры цягам 24 гадзін у суткі.

«Яны перабазоўваюць самалёты з аднаго аэрадрому на іншы, і авіяцыя стала ў іх у ратацыйным рэжыме знаходзіцца на розных межах. Яны выкарыстоўваюць усе без выключэньня аэрадромы Беларусі. Авіяцыя — такая рэч хуткая, магутная, яе можна за лічаныя хвіліны перамясьціць, дысьлякаваць на аэрадромы», — дадаў ён.

«Мы можам іх зьнішчаць толькі тады, калі яны ўвойдуць у зону паражэньня нашай супрацьпаветранай абароны. На сёньня ўсе сродкі, якія мы маем на ўзбраеньні, наймагутнейшыя, якія найбольш далёка страляюць, — гэта комплекс С-300. Далёкасьць пацэльваньня гэтых комплексаў — да 70 кілямэтраў», — патлумачыў Юры Ігнат.

Сьпікер камандаваньня Паветраных сіл Украіны дадаў, што комплексы С-300 стаяць на тэрыторыі Ўкраіны на розных пазыцыях, але не на самай мяжы.

«Таму, калі самалёты будуць залятаць у нашу паветраную прастору, мы, вядома, будзем іх зьнішчаць. Далёкабойных сыстэм у нас, на жаль няма. Комплекс Patriot, пра які ўжо шмат хто гаворыць, ён мае далёкасьць пацэльваньня да 160 кілямэтраў», — патлумачыў Юры Ігнат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея найшчыльней абстрэльвае Данеччыну. Украінцы зьнішчаюць усё больш расейскіх базаў з боепрыпасамі на поўдні і ўсходзе