Палоненых байцоў беларускага палка імя Каліноўскага Дзюрбейку і Дзягцёва ўключылі ў сьпіс на абмен
Ян Дзюрбейка (Тромблі) справа
Імёны дваіх палонных байцоў беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага ўключаны ў сьпіс на абмен ваеннапалоннымі, заявіла 11 ліпеня прадстаўніца вайсковага фармаваньня Крысьціна «Чабор».
«Камандаваньне палка разам з Узброенымі сіламі Ўкраіны вядзе працу па вызваленьні нашых хлопцаў з палону. На гэты момант абодва ваяры — Ян „Тромблі“ Дзюрбейка і Сяргей „Клешч“ Дзягцёў — уключаныя ў сьпіс на абмен ваеннапалоннымі», сказалі ў палку. Прадстаўніца палка адзначыла:
«Чым менш недакладнай інфармацыі аб палонных байцах распаўсюджваецца ў СМІ, тым больш шанцаў у нашых хлопцаў вярнуцца жывымі».
Паводле яе слоў, распаўсюд недакладнай інфармацыі ў некаторых мэдыя прывёў «да раскрыцьця і распаўсюду асабістых зьвестак байцоў, якія прапалі бязь вестак або трапілі ў палон».
«Нагадваем, што асабістая інфармацыя раскрывае нашых хлопцаў перад нелегітымнымі ўладамі Беларусі, якія пачынаюць ціснуць на бацькоў і сваякоў нашых ваяроў», — падкрэсьліла яна.
«Зьніклыя бязь вестак ваяры, верагодна, загінулі ў баі 26 чэрвеня, — заявіла «Чабор». — Гэта Васіль «Сябро» Парфянкоў, Вадзім «Папік» Шатроў, Васіль «Атам» Грудовік і Іван «Брэст» Марчук.
«Адзначым яшчэ раз, што гэтая інфармацыя не зьяўляецца канчатковай. У нас няма цела ніводнага зь пералічаных воінаў палка Каліноўскага, у сувязі з чым мы ня можам дакладна канстатаваць факт гібелі».
Паводле слоў афіцыйнага прадстаўніка фармаваньня, з пачатку вайны ва Ўкраіне афіцыйна пацьверджана сьмерць трох байцоў палка — Ільлі «Літвіна» Хрэнава, Дзьмітрыя «Тэрора» Апанасовіча і Паўла «Волата» Суслава. Акрамя таго, 40 байцоў атрымалі раненьні. На гэты момант «частка знаходзіцца на лячэньні, частка — на рэабілітацыі, частка — вярнулася ў шыхт».
Батальён імя Кастуся Каліноўскага стварылі ў пачатку сакавіка 2022 году. 26 сакавіка ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны. 21 траўня было абвешчана аб яго трансфармацыі ў полк у складзе двух батальёнаў — «Літвін» і «Волат».