Ціханоўская пра гібель на фронце Івана «Брэста»: «Нельга пераацаніць мужнасьць, зь якой беларусы змагаюцца за свабоду Ўкраіны і Беларусі»

Іван «Брэст» Марчук, камандзір батальёну «Волат»
Іван «Брэст» Марчук, камандзір батальёну «Волат»

Палітык выказала спачуваньні сваякам забітага каліноўца.

Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала апошнія падзеі на расейска-ўкраінскай вайне, дзе напярэдадні, баронячы Ўкраіну, загінуў камандзір батальёну «Волат» Іван Марчук.

«Спачуваньні сям’і і пабрацімам героя. Нельга пераацаніць мужнасьць, зь якой беларусы змагаюцца за свабоду Ўкраіны і Беларусі, ахвяруючы здароўем і жыцьцём. Яны абараняюць гонар беларускага народу.

Таксама паведамлена, што каліноўцы Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзягцёў знаходзяцца ў палоне. Падкрэсьліваем, што яны зьяўляюцца кантрактнымі вайскоўцамі, і, адпаведна, іх статус цяпер — ваеннапалонныя. Мы будзем дабівацца вызваленьня герояў. Спадзяюся, што ўсе добраахвотнікі, якія зьніклі, змогуць вярнуцца»

З пачатку расейска-ўкраінскай вайны ў баях загінулі ўжо сямёра беларусаў — добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла, Павал «Волат», Іван «Брэст» Марчук.

​
XS
SM
MD
LG