Зяленскі расказаў, як жыве сям’я падчас вайны: «Маім дзецям, як і ўсім дзецям ва Ўкраіне, давялося хутка пасталець»

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Кіеў, 6 ліпеня 2022

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ягоная жонка Алена, дачка Аляксандра і сын Кірыл маглі выехаць з краіны пасьля пачатку вайны, але сьвядома вырашылі застацца ва Ўкраіне.

«Я ім удзячны, што яны са мной, яны ў Кіеве, і яны разумеюць, што яны ня проста дзеці і мая жонка. Яны ня могуць паехаць, некуды пераехаць ці выехаць... Не, вядома, могуць, але іхнае рашэньне — быць тут, таму што гэта сыгнал украінцам, вось і ўсё. Таму я рады, што яны ўсё гэта разумеюць і разумеюць, што гэта такая трагедыя — вайна і што мы ўсе хочам перамогі аднолькава: дзеці, дарослыя, мужчыны, жанчыны, няма ніякай розьніцы. Усе мы ва Ўкраіне хочам гэтай перамогі», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію тэлекампаніі CNN. Запіс інтэрвію быў разьмешчаны Офісам прэзыдэнта.

Украінскі прэзыдэнт дадаў, што ягоным дзецям найгорш, бо праз умовы бясьпекі яны ня могуць кантактаваць зь іншымі дзецьмі, сваімі сябрамі.

«Дзеці амаль ня бачаць мяне. Мы вельмі рэдка бачымся. Жонка прыяжджае на працу, у Офіс прэзыдэнта, у яе шмат пытаньняў, таму я маю магчымасьць бачыць яе на працы. Што датычыць дзяцей, такі ўзрост у іх — дачка дарослая, ёй амаль 18, сыну — 9 гадоў. Яны растуць безь мяне, ім не хапае зносін, не хапае парадаў, не хапае нават звычайных абдымкаў і проста звычайнай вячэры — таго, што было, як у звычайнай сям’і. То бок не хапае сям’і, вось чаго не хапае дзецям».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Першая лэдзі ЗША Джыл Байдэн наведала Ўкраіну

Паводле Зяленскага, ягоным дзецям, як і ўсім дзецям ва Ўкраіне, давялося хутка сталець праз вайну:

«Ім шмат рэчаў трэба ўжо ўспрымаць з дарослым поглядам — гэта вайна, зразумела, хто вораг. Шмат рэчаў даводзіцца хутка рабіць. Ты мусіш ведаць, як дзейнічаць у небясьпечнай сытуацыі, гэта значыць ты кожную ноч мусіш быць у бомбасховішчы; кожную ноч, калі ідзе сырэна. Па ўсёй дзяржаве, гэта тычыцца ня толькі маіх дзяцей, а ўсіх дзяцей ва Ўкраіне. На жаль, гэта вельмі сур’ёзны дарослы выклік.

Праз захады бясьпекі маім дзецям троху складаней, бо яны ня могуць сёньня мець зносіны зь дзецьмі, са сваімі сябрамі. Я штодня на працы, і навокал мяне ёсьць людзі, нейкае жыцьцё, я бачу вынік сваёй працы, а дзецям складаней. Яны такія малыя дарослыя, але ім трэба быць самастойнымі і бяз соцыюму, без кантактаў», — патлумачыў Уладзімір Зяленскі.

Жонка прэзыдэнта Ўкраіна Алена Зяленская. Кіеў, 31 траўня 2022

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі: Верым, што Беларусь ня ўцягнецца ў расейскую вайну, але рыхтуемся да гэтага

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.