«З тэрыторыі Беларусі былі запушчаныя ракеты. Вельмі шмат, рознага калібру, якія прынесьлі шмат пакутаў Украіне. Тым ня менш мы разумеем, што гэта — не рашэньне беларускага народу. І мы мяркуем, што беларускаму народу трэба рабіць усё, каб не ўцягнуцца ў гэтую вайну», — заявіў Уладзімір Зяленскі на адкрыцьці 26-га ўрадавага круглага стала The Economist.
Украінскі прэзыдэнт дадаў, што беларускі народ ня мусіць маўчаць і казаць: гэта ня мы, гэта з нашай тэрыторыі Расея займаецца абстрэламі.
«Адказнасьць мусіць быць людзей, якія бачаць, што адбываецца», — дадаў ён.
«Мы верым у тое, што Беларусь ня ўцягнецца ў гэтую вайну. Але правакацыі ёсьць, правакацыі будуць», — мяркуе Ўладзімір Зяленскі.
«Беларусь пад пагрозай гэтага ўцягваньня, мы са свайго боку можам сказаць адно: мы да гэтага рыхтуемся», — падкрэсьліў украінскі прэзыдэнт, адказваючы на пытаньні ўдзельнікаў імпрэзы.
На ўскладаньні вянкоў на мэмарыяльным комплексе «Курган Славы» 3 ліпеня Аляксандар Лукашэнка дэкляраваў вернасьць расейцам, яго цытуе БелТА.
«Мы адзіная краіна, якая падтрымлівае расейцаў у гэтай барацьбе. А колькі краін па тым баку? Амаль паўсотні, якія фактычна ваююць супраць Расеі ва Ўкраіне. Нешта не складаецца балянс. І ўвогуле тыя, хто нас папракае, вы што, ня ведалі, што ў нас шчыльны саюз з Расейскай Фэдэрацыяй? Зь дзяржавай, зь якой мы будуем адзіную, магутную, незалежную дзяржаву — Саюзную дзяржаву. Дзе ў саюзе два незалежныя народы. І што, яны ня ведалі, што ў нас створана ўжо даўно адзіная групоўка ўзброеных сіл? Фактычна адзінае войска. Мы былі і будзем разам з братэрскай Расеяй.
Наш удзел у спэцапэрацыі мною вызначаны даўно. У першы дзень пачатку гэтай апэрацыі, калі я сказаў, успомніце: мы нікому не дазволім страляць у сьпіну рускаму чалавеку. І мы занялі абарону ад Берасьцейскай крэпасьці па паўднёвых межах дзеля таго, каб не дапусьціць гэтага ўдару ў сьпіну расейцам з боку натаўскіх войскаў».
«Спэцапэрацыяй» расейцы і Лукашэнка называюць поўнамаштабную вайну, якую Расея 24 лютага 2022 году разьвязала супраць Украіны. За гэты час расейцам удалося акупаваць Херсон, Мелітопаль, Марыюпаль, дзясяткі тысяч цывільных асоб загінулі, мільёны ўкраінцаў сталі ўцекачамі, Марыюпаль і шэраг іншых населеных пунктаў Украіны амаль цалкам страціў жылы фонд.
Лукашэнка дазволіў расейцам выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для нападу на поўнач Украіны, пасьля чаго здарылася разаніна ў Бучы, а таксама расейцы вялі зь беларускіх гарадоў абстрэлы цывільных аб’ектаў у гарадах Украіны, пасьля чаго гінулі людзі. За саўдзел у вайне на Рэспубліку Беларусь наклалі шэраг санкцый.
У той жа час у вайне на баку Ўкраіны змагаецца беларускі полк імя Кастуся Каліноўскага, таксама беларусы ўваходзяць у склад украінскіх вайсковых фармацый, некаторыя ўжо аддалі свае жыцьці на вайне.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.