Пуцін пра Крамянчук: «Расея не наносіць удараў па цывільных аб’ектах»

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 29 чэрвеня пракамэнтаваў расейскі ракетны ўдар па гандлёвым цэнтры ў Краменчуку, у выніку якога, паводле афіцыйных дадзеных, загінулі 20 чалавек, 59 атрымалі раненьні, звыш 40 прапалі бязь вестак.

Па словах Пуціна, ніякага тэракту ў Краменчуку не было, а расейскае войска не наносіць удары па цывільных аб’ектах.

«Ды няма там ніякага тэракту. Я ведаю, і мы шмат разоў гэта казалі, паказвалі гэта, зь бесьпілётнікаў відаць, калі разьмяшчаюць зброю, комплексы РСЗА, артылерыю, цяжкую тэхніку ўвогуле ў жылых кварталах, яшчэ недзе. Проста так „па палях“ у нас ніхто не страляе», — цытуе словы прэзыдэнта Расеі «Інтэрфакс».

Пуцін выказаў сваю думку, размаўляючы з журналістамі пасьля завяршэньня Касьпійскага саміту ў Ашгабадзе. Ён упершыню выехаў за мяжу з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне вызначылі расейскіх лётчыкаў, якія бамбілі Крамянчук, і завялі на іх крымінальную справу
  • 27 чэрвеня расейскія вайскоўцы нанесьлі ракетны ўдар па гандлёвым цэнтры ў Краменчуку Палтаўскай вобласьці. Паводле апошніх дадзеных, загінулі 20 чалавек, 59 пацярпелі, яшчэ каля 40 прапалі бязь вестак. Да гэтага моманту ратавальнікі працягваюць разьбіраць завалы.
  • Украінскія ўлады абвінавачваюць Расею ў мэтанакіраваным удары па цывільным абʼекце, гандлёвым цэнтры ў Краменчуку, называючы гэта тэрарызмам.
  • Чальцы Рады Бясьпекі ААН — ЗША, Альбанія, Вялікая Брытаніі, Ірляндыя, Нарвэгія і Францыя — на экстранным паседжаньні 28 чэрвеня выступілі са спэцыяльнай заявай, у якой рашуча асудзілі актывізацыю расейскіх ракетных удараў па тэрыторыі Ўкраіны, па яе жылых кварталах і аб’ектах цывільнай інфраструктуры ў пэрыяд з 25 па 27 чэрвеня 2022 году. Асобна адзначаецца факт гібелі мірных жыхароў у выніку гэтых удараў.
  • Краіны, якія падпісалі заяву, падкрэсьлілі неабходнасьць правядзеньня абʼектыўнага, прафэсійнага і незалежнага расьсьледаваньня і прыцягненьня да адказнасьці тых, хто парушае міжнароднае гуманітарнае права і зьдзяйсьняе ваенныя злачынствы.
  • Міністэрства абароны Расеі амаль праз суткі прызнала, што ракетны ўдар па Краменчуку, ад якога загінулі мірныя жыхары, наведнікі гандлёвага цэнтру, нанесьлі расейскія вайскоўцы.
  • Пры гэтым у зводцы расейскага міністэрства сьцьвярджаецца, што ўдар быў нанесены «высокадакладнай зброяй» па вайсковым аб’екце — «ангарах з узбраеньнем і боепрыпасамі, якія паступілі ад ЗША і эўрапейскіх краін у раёне Крамянчуцкага заводу дарожных машын».
  • У ходзе экстранага пасяджэньня Рады Бясьпекі ААН гэтую вэрсію Мінабароны паўтарыў афіцыйны прадстаўнік Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Колькасьць загінулых у выніку ракетнага ўдару па гандлёвым цэнтры ва ўкраінскім Краменчуку вырасла да 18, пацярпелі 59 чалавек

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея нанесла ракетны ўдар па гандлёвым цэнтры ва ўкраінскім Краменчуку, дзе было да тысячы чалавек. Ёсьць ахвяры