Колькасьць загінулых у выніку ракетнага ўдару па гандлёвым цэнтры ва ўкраінскім Краменчуку вырасла да 18, пацярпелі 59 чалавек

Пажар у гандлёвым цэнтры пасьля ракетнага ўдару. Украіна, Крамянчук. 27 чэрвеня 2022

Пра гэта паведамляе Дзяржаўная служба Ўкраіны ў надзвычайных сытуацыях.

Паводле ведамства, па мэдыцынскую дапамогу зьвярнуліся 59 чалавек, зь іх 25 шпіталізавалі ў шпіталь інтэнсіўнага лячэньня.

27 чэрвеня расейскія вайскоўцы нанесьлі ракетны ўдар па гандлёвым цэнтры ў горадзе Крамянчук Палтаўскай вобласьці, паведаміў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Паводле яго, у гандлёвым цэнтры знаходзіліся больш за тысячу цывільных.

У тушэньні пажару ў гандлёвым цэнтры задзейнічаны сілы ДСНС, да разбору завалаў падключыліся тэрытарыяльная абарона і добраахвотнікі. Яны працуюць разам з ратавальнікамі, каб як мага хутчэй дастаць з-пад завалаў людзей. Ад удару крылатай ракеты паваліўся дах, пад руінамі могуць знаходзіцца параненыя.

Ва Ўзброеных сілах Украіны паведамілі, што ў гандлёвы цэнтар удары былі нанесеныя ракетамі Х-22, выпушчаных з далёкіх бамбавікоў Ту-22 М3. Адзначаецца, што самалёты ўзьляцелі з аэрадрома Шайкоўка ў Калускай вобласьці, а пускі ажыцьцяўляліся з Курскай вобласьці.

Лідэры краін «вялікай сямёркі», якія праводзяць сустрэчу ў Баварыі, выдалі сумесную заяву наконт ракетнага абстрэлу гандлёвага цэнтра.

Яны падкрэсьлілі, што «прэзыдэнт Расеі Пуцін і ўсе вінаватыя будуць прыцягнуты да адказнасьці». Па словах лідэраў краін G7, «невыбіральныя ўдары па ні ў чым не вінаватых цывільных асобах зьяўляюцца ваенным злачынствам».

У прыватнасьці, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон назваў удар па Краменчуку «абсалютным жахам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея нанесла ракетны ўдар па гандлёвым цэнтры ва ўкраінскім Краменчуку, дзе было да тысячы чалавек. Ёсьць ахвяры

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У ААН пацьвердзілі гібель больш за 4700 мірных жыхароў ва Ўкраіне праз вайну Расеі