Блізкія, але незразумелыя. Як беларусам не пасварыцца з украінцамі

Актывісты з украінскім сьцягам і беларускім нацыянальным сьцягам падчас акцыі ў Кіеве, 30 траўня, 2021 года. Ілюстрацыйнае фота

Цяпер ужо відавочна: украінска-расейскія стасункі ў будучыні не чакае нічога добрага. Але і ўкраінска-беларускія дачыненьні, бадай што, надоўга атручаныя, нягледзячы на полк імя Каліноўскага і салідарнасьць з Украінай усёй жывой (збольшага цяпер эмігранцкай) беларускай грамадзянскай супольнасьці.

Асноўны ўкраінскі наратыў пра Беларусь цяпер — гэта абурэньне рэжымам Лукашэнкі як саўдзельнікам расейскае агрэсіі, памножанае на поўнае неразуменьне і няведаньне Беларусі.

Я амаль штовечар гляджу сэрыял «Слуга народу». Не таму, што ён цікавы ці мае нейкую мастацкую каштоўнасьць — проста каб даць украінцам дадатковых праглядаў на Netflix. І каб пасумаваць па колішняй агульнай культурнай прасторы і тым часе, які ўжо больш ня вернецца і зь якога наша рэчаіснасьць глядзелася як жахлівая антыўтопія, якой проста немагчыма дазволіць быць праўдай. І каб яшчэ раз задацца пытаньнем: кім жа трэба быць, каб пайсьці вайной на гэтых бяскрыўдных дабрадушных людзей зь іх цёплым абшарпаным Кіевам, які пачуваецца родным нават чалавеку, які бываў там разы тры за ўсё жыцьцё.

За трыццаць гадоў украінцы ў сваёй масе ня далі рады разабрацца і пацікавіцца, што сабой яўляюць Беларусь, беларусы і рэжым Лукашэнкі і чым адрозьніваецца беларус Васіль Быкаў ад якога-небудзь расейскага Аляксандра Пушкіна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З украінскай школьнай праграмы скрэсьлілі антываенны твор Васіля Быкава: «Улічваючы масавае ўварваньне расейскіх узброеных сілаў»

Да нядаўняга часу яны захапляліся Лукашэнкам за ягоны псэўдапарадак, прызнавалі ягоныя сфальшаваныя плебісцыты, ня надта ахвотна давалі прытулак беларускім палітычным уцекачам.

Цяпер яны адной рукой запісалі Лукашэнку ў памагатыя расейцаў, пішуць слова «Беларусь» з маленькай літары і арыштоўваюць банкаўскія рахункі пагалоўна ўсім беларускім грамадзянам.

Другой рукой адмаўляюцца сустракацца з дэмакратычна абраным лідэрам Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай і дэманструюць гатовасьць мець справы з Лукашэнкам у той час, як ён дэманструе гатовасьць уступіць у поўнамаштабную вайну з Украінай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лічу несправядлівым стаўленьне ўкраінцаў да Беларусі», — украінскі палітоляг

Мабыць, калісьці ўкраінцы разьбяруцца і даруюць беларусам удзел Лукашэнкі ў пуцінскай агрэсіі супраць Украіны. Мабыць, і мы ім калісь даруем негалосную падтрымку Лукашэнкі і непераборлівасьць. Даруем былому беларускаму журналісту Падаляку, што пра Беларусь, дзе ён атрымаў адукацыю, прафэсію і статус публічнай асобы, ён цяпер грэбліва на расейскай мове гаворыць «ваша страна».

Але да гэтага моманту можа мінуць шмат часу. Можа, аб’ядноўваць нас тады будуць толькі сваяцкія сувязі (я сам маю ўкраінскія карані і права на атрыманьне ледзь не грамадзянства Ўкраіны) і трохі падобныя мовы. Ну, і сяброўства ў Эўрапейскім зьвязе, будзем спадзявацца.

І гэта добра.

Можа, мы нават навучымся пісаць імя іхнага прэзыдэнта як абстрагавана-замежнае «Валадымір Зэлэнскі», а не абеларушанае «Ўладзімір Зяленскі». Навучымся гаварыць «Львіў», «Данэцк» і «Дніпро». Можа, нават пачнём часам размаўляць з украінцамі на ангельскай мове (не на расейскай жа), каб пазьбегнуць неадназначнасьцяў.

Братэрскіх народаў не існуе. І беларусам, якія за сваю гісторыю занадта часта ўступалі ў розныя нераўнапраўныя і ня выгадныя ім саюзы, гэта трэба вывучыць лепш, чым многім іншым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцы расчараваліся ў беларусах. Што стаіць за крытыкай Падаляка ў адрас Ціханоўскай

Украінай можна захапляцца, можна зайздросьціць украінскай нацыянальнай сьвядомасьці і грамадзкай салідарнасьці. Але нельга зачароўвацца так, каб потым адчуваць расчараваньне. Украіна — іншая дзяржава і іншы народ з інтарэсамі, якія часам супярэчаць беларускім інтарэсам.

У цяперашні час мы павінны быць з Украінай і падтрымліваць яе да самай перамогі. Гэта жыцьцёва важна для Беларусі.

Але пасьля гэтага нашыя шляхі павінны разысьціся, каб мы адчулі асобнасьць, адрознасьць і незалежнасьць у тым ліку і адно ад аднаго. І каб, разышоўшыся, мы пачалі будаваць нашыя добрасуседзкія стасункі наноў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.