Джонсан выступіў за тое, каб «Эўравізія-2023» прайшла ва Ўкраіне

Борыс Джонсан і Ўладзімір Зяленскі, Кіеў, 17 чэрвеня 2022 году

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан выступіў за тое, каб Украіна атрымала магчымасьць правесьці налета конкурс «Эўравізія».

Аб гэтым ён заявіў пасьля вяртаньня з Кіева, які ён наведаў напярэдадні — другі раз з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Напярэдадні арганізатар «Эўравізіі» — Эўрапейскі трансьляцыйны зьвяз — заявіў, што насуперак правілам, па якіх конкурс павінна праводзіць краіна — пераможца папярэдняга году, налета з прычыны ваенных дзеяньняў і зьвязаных зь імі пагрозаў «Эўравізія» ня зможа прайсьці ва Ўкраіне.

Перамогу на конкурсе сёлета атрымаў украінскі гурт Kalush Orchestra — аднадушным галасаваньнем тэлегледачоў амаль ва ўсіх краінах Эўропы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія войскі штурмуюць пасёлкі на поўдзень ад Севераданецку

Паводле Джонсана, украінцы перамаглі на конкурсе «сумленна і справядліва» і мусяць змагчы правесьці яго ў 2023 годзе. Брытанскі прэм’ер зазначыў, што да наступнага конкурсу яшчэ амаль год, ён спадзяецца, што да таго моманту «ўсё будзе добра», і Ўкраіна атрымае магчымасьць яго правесьці. Паводле яго слоў, краіна гэтага заслугоўвае. Конкурс, на думку Джонсана, можа прайсьці ў Кіеве ці ў іншым «бясьпечным горадзе».

Пры гэтым арганізатары прапанавалі правесьці «Эўравізію-2023» менавіта Брытаніі, чый прадстаўнік заняў сёлета другое месца. Джонсан сказаў, што быў бы рады правядзеньню конкурсу ў Вялікай Брытаніі, але Ўкраіна заслугоўвае гэтага больш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарадца кіраўніка МУС Украіны заявіў, што верагоднасьць нападу Беларусі на Ўкраіну нізкая

Арганізатары напярэдадні заявілі, што сумесна з украінскімі партнэрамі і іншымі спэцыялістамі ацанілі магчымасьць правядзеньня конкурсу ва Ўкраіне, у тым ліку з гледзішча бясьпекі, і прыйшлі да высновы, што гэта немагчыма. У міністэрстве культуры Ўкраіны, аднак, заявілі, што аспрэчаць гэтае рашэньне.

Украіна прымала «Эўравізію» двойчы: у 2005 і 2017 гадах — пасьля перамогі сваіх прадстаўнікоў. Пасьля перамогі Kalush Orchestra прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі выказваў надзею, што ў будучыні конкурс пройдзе ў Марыюпалі, які ў момант правядзеньня «Эўравізіі-2022» быў абложаны расейскім войскам. Цяпер гэты горад, надзвычай моцна пацярпелы падчас баёў, пад кантролем Расеі і сэпаратыстаў «ДНР».

Расейскія войскі ў красавіку адступілі ад Кіева, і ўкраінская сталіца цяпер па-за зонай дзеяньня артылерыі. Аднак часам па ёй усё ж наносяць ракетныя ўдары.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.