У Расеі завялі крымінальную справу на арганізатараў выставы работ палітвязьняў

Затрыманьні на акцыі супраць вайны Расеі з Украінай у Вялікім Ноўгарадзе. Ілюстрацыйнае фота

Падставай для крымінальнага перасьледу арганізатараў выставы, паводле вэрсіі сьледзтва, стала «дэманстрацыя малюнкаў правакацыйнага зьместу супраць спэцыяльнай ваеннай апэрацыі на Ўкраіне».

Выстаўка праходзіла у маскоўскім офісе праваабарончага праекту «Открытое пространство». Цяпер арганізатараў мерапрыемства абвінавачваюць у хуліганстве па матывах палітычнай нянавісьці.

Што менавіта было ў малюнках, не паведамляецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі арыштавалі маёмасьць трох журналістаў, якіх вінавацяць па артыкуле аб «фэйках» пра расейскую армію

16 чэрвеня прайшлі ператрусы ў двух валянтэраў «Открытого пространства» — Дар’і Собалевай і Ірыны Пуцілавай. Па іх словах, сілавікі шукалі ўкраінскую сымболіку, а таксама інфармацыю, якая дыскрэдытуе расейскую армію. Таксама ператрус прайшоў у пецярбурскім офісе «Открытого пространства».

Выстава «Аўтаномная зона», на якой прадстаўлены работы «тых, хто сядзеў або працягвае сядзець у турмах, СІЗА і спэцпрыёмніках па палітычных артыкулах», адкрылася ў Дзень Расеі, 12 чэрвеня. На яе адкрыцьці наведвальнікі падпісвалі паштоўкі ў падтрымку мастачкі Сашы Скачыленкі, арыштаванай у крымінальнай справе аб распаўсюджваньні так званых «фэйкаў» аб расейскім войску, паведамляе «Настоящее время».

14 чэрвеня ў памяшканьне, дзе праходзіла выстава, прыйшлі паліцыянты. Яны забралі некалькі работ і антываенных налепак, а таксама дапыталі арганізатараў, удзельнікаў і наведвальнікаў мерапрыемства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Суд у Маскве завочна арыштаваў Аляксандра Няўзорава

Адзначаецца, што сілавікоў выклікалі сябры пракрамлёўскага руху SERB. Яны запатрабавалі праверыць «Открытое пространства» на прадмет магчымага ўчыненьня злачынства паводле крымінальнага артыкулу аб дыскрэдытацыі дзеяньняў расейскай арміі і адміністрацыйнага артыкулу аб прапагандзе нетрадыцыйных каштоўнасьцяў сярод непаўналетніх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

За 2 месяцы ў Расеі распачалі 2 тысячы спраў аб дыскрэдытацыі арміі